Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

На "Гомсельмашы" сустрэліся прадстаўнікі буйнейшых прадпрыемстваў машынабудавання Саюзнай дзяржавы

14.11.2023
Генеральны дырэктар ААТ "Гомсельмаш" Аляксандр Новікаў і дырэктар Саюза прамыслоўцаў "Прагрэс" Дзмітрый Фралоў абмеркавалі развіццё галіны машынабудавання ў Беларусі і Расіі, а таксама далейшае ўмацаванне кааперацыйных сувязей.

"Прагрэс" – грамадская арганізацыя, асноўнай задачай якой з'яўляецца абарона інтарэсаў машынабудаўнікоў Беларусі і Расіі на тэрыторыі ЕАЭС і за яе межамі. Больш глабальныя мэты "Прагрэсу" сфармулявалі год таму на масштабнай выставе "Аграсалон-2022" у Маскве, гэта выкананне задач па кааперацыі, пастаўленых Прэзідэнтамі Беларусі і Расіі, адраджэнне былой моцы прамысловага комплексу Саюзнай дзяржавы. У "Прагрэс" уваходзіць ужо 15 членаў (акрамя прадпрыемстваў, гэта навуковыя арганізацыі), арганізацыя стане пачаткам шляху, па якім пойдуць прамыслоўцы, зацікаўленыя ў развіцці айчыннай вытворчасці. Саюз будзе прадстаўляць іх інтарэсы ў палітычных, эканамічных, юрыдычных і сацыяльных пытаннях.

І вось праз год пасяджэнне саюза перанеслася ў Гомель, на "Гомсельмаш", які, дарэчы, стаў адным з заснавальнікаў "Прагрэсу". Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі больш за 20 прамысловых прадпрыемстваў з абедзвюх краін, у тым ліку Пецярбургскага трактарнага завода і МТЗ. Генеральны дырэктар "Гомсельмаша" Аляксандр Новікаў і дырэктар Саюза прамыслоўцаў "Прагрэс" Дзмітрый Фралоў абмеркавалі далейшае ўмацаванне кааперацыйных сувязей, арганізацыю ўзаемных закупак вузлоў і агрэгатаў, уключэнне ў саюз новых вытворцаў. А таксама стварэнне сумеснай дылерскай сеткі, якая ахоплівае ўсю тэрыторыю ЕАЭС.

Як адзначыў Дзмітрый Фралоў, пасля ўвядзення калектыўным Захадам у дачыненні да Расіі і Беларусі санкцыйнага рэжыму ўзнікла ўнікальная магчымасць заняць тыя нішы на рынку, дзе раней непадзельна панавалі заходнія кампаніі. Заняць іх, на думку заснавальнікаў "Прагрэсу", павінны менавіта беларускія і расійскія вытворцы.

Аляксандр Новікаў у сувязі з гэтым падкрэсліў агульную важнейшую задачу – узмацненне стратэгіі імпартазамяшчэння. І нагадаў вядомую ісціну: "Хочаш зрабіць добра – зрабі сам". На сучасным рынку сельгастэхнікі ЕАЭС і ў іншых рэгіёнах свету будзе паспяховы толькі даступны, але якасны і высокатэхналагічны прадукт з мінімальнай залежнасцю ад імпартных камплектуючых. Айчынныя камбайны, трактары і іншая тэхніка няўхільна рухаюцца менавіта па такім шляху.

Акрамя таго, у гутарцы з журналістамі генеральны дырэктар "Гомсельмаша" абазначыў планы па нарошчванні вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі холдынгу. З году ў год камбайнабудаўнікі працягваюць павышаць аб'ёмы выпуску і паставак сваіх машын. Да канца 2023-га абавязваюцца выпусціць 3000 адзінак самаходнай тэхнікі, у 2024-м – не менш за 3500. Планы амбіцыйныя, але гомсельмашаўцы ўпэўнена глядзяць у будучыню. Сябры і калегі іх абавязкова падтрымаюць.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ