Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

На Гомельшчыне з'явіўся першы ў краіне цалкам электрыфікаваны населены пункт

16.02.2024
Электрыфікацыю населеных пунктаў у зоне радыеактыўнага забруджвання ў рамках Дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС абмяркавалі на прыкладзе пілотнага праекта, які рэалізавалі ў аграгарадку Вялікі Бор Хойніцкага раёна.

Дзякуючы поўнай рэканструкцыі сетак – каля 19 кіламетраў – амаль 240 жыхароў выкарыстоўваюць для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы электрычнасць.
Сваім вопытам гомельскія энергетыкі падзяліліся сёння са старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко, кіраўніком спраў Прэзідэнта Юрыем Назаравым, міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам. Для гэтага гасцей запрасілі ў электрадамы.

– Зіма для нас вечнасцю здавалася, – муж і жонка Любоў і Уладзімір Сачанка трыццаць гадоў тапілі кватэру печкай. – А цяпер якая прыгажосць! Дзякуй дзяржаве і Прэзідэнту.

На два вазы дроў у пенсіянераў выходзіла каля тысячы рублёў за сезон. Адной печкі не хапала на кватэру, у двух пакоях з чатырох было холадна.

Пасля таго, як у гэтым годзе ў дом № 9 па вуліцы Новай правялі электраацяпленне, у кватэры з'явілася сем батарэй, электрапліта, сушыльнік для ручнікоў, бойлер. І ўсё за кошт дзяржавы. Такі варыянт па камунальных паслугах абыходзіцца значна танней, да таго ж памяшканні ацяпляюцца цалкам.

– Можам нават у летняй вопратцы па хаце хадзіць, – не нарадуюцца муж і жонка.

У рамках шасці Дзяржпраграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС на Гомельшчыне газіфікаваны 135 населеных пунктаў. У 2023 годзе ў рэгіёне перайшлі на электрыфікацыю. Засталося перавесці на бясшкодныя віды паліва яшчэ 19 аграгарадкоў.
– Работы трэба завяршыць да канца дзеяння праграмы. Патрэбен комплексны падыход: разам з правядзеннем электраэнергіі ўцяпляйце дамы, ўладкоўвайце жыллё, – настройвае на больш эфектыўную работу Юрый Назараў.

Прыняты прынцыповыя рашэнні, адзначыў, падводзячы вынікі сустрэчы, Іван Крупко:
– Праводзячы электрыфікацыю, трэба ўнесці і глабальныя змены ў добраўпарадкаванне, аднаўленне сацаб'ектаў. З улікам уводу і першага, і другога энергаблокаў БелАЭС дадаецца мноства магчымасцяў выкарыстоўваць электраэнергію ў дастатковай колькасці. Сёння мы выпрацавалі напрамкі, па якіх будзем далей працаваць. Чарговасць электрыфікацыі ў застаўшыхся 19 аграгарадках у найбліжэйшыя некалькі месяцаў адкарэктыруем, каб паступова запітаць іх ад новых магістраляў.

Падтрымаў ініцыятыву рэгіёна міністр энергетыкі:
– Пілотны праект у вобласці атрымаўся. Такія праекты нясуць рэальную карысць людзям, асабліва ў сельскай мясцовасці, павышаюць камфортнасць пражывання, забяспечваюць цяпло і ўтульнасць у дамах. Характэрна, што старт гэтай работы дадзены менавіта ў Гомельскай вобласці.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ