Эканомiка
На Гомельшчыне стартавала рэспубліканская акцыя «Разам – за моцную і здаровую сям'ю»
13.05.2025
У рамках мерапрыемстваў да Дня сям'і прадстаўнікі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, галоўнага ўпраўлення адукацыі, галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама правялі прэс-канферэнцыю «Беларусь – за здаровую сям'ю і традыцыйныя каштоўнасці!».
Удзельнікі гаварылі аб мерах, накіраваных на паляпшэнне дабрабыту сем'яў з дзецьмі, умацаванне інстытута сям'і і захаванне традыцыйных каштоўнасцяў.
Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Наталля Паніна адзначыла, што ў рэгіёне пражывае больш за 19,8 тысячы шматдзетных сем'яў. З 2020 года іх колькасць павялічылася на 7,3%. У краіне рэалізуюцца розныя формы работы па стымуляванні нараджальнасці. На гэта накіраваны шматлікія льготы ў сістэме адукацыі і аховы здароўя, прадугледжаны падатковыя гарантыі, падтрымка пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля, дзяржаўныя дапамогі, а таксама доўгатэрміновая мера падтрымкі – праграма «Сямейны капітал». З 2025 года памер яго склаў 33 275 рублёў.
Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі меддапамогі (акушэрства і гінекалогія) галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Ірына Бурлакова адзначыла, што першыя роды захоўваюць лідзіруючую пазіцыю ва ўзросце 20–24 гады. У вобласці ў мінулым годзе камісіяй прынята 255 станоўчых рашэнняў для правядзення адной бясплатнай спробы працэдуры экстракарпаральнага апладнення, за тры месяцы гэтага года – 62, праведзена 32 скончаных цыкла ЭКА.
У сваю чаргу начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Алена Клачкова падрабязна спынілася на ролі сістэмы адукацыі ў фарміраванні шчаслівага бацькоўства, даступнасці і якасці адукацыі, працы ўстаноў адукацыі па сямейным выхаванні дзяцей і падлеткаў.