На Гомельшчыне актыўна ўбіраюць кукурузу і лён
Уборку царыцы палёў на сілас пачалі ў 17 раёнах вобласці. Вядзецца таксама ўзняцце і прасаванне льнотрасты.
Як паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, па стане на 19 жніўня нашы аграрыі сабралі 114,7 тысячы тон кукурузнага сіласу, што складае 3% да плана. Усяго ў рэгіёне неабходна сабраць 3,5 мільёна тон.
Беларускі, ці паўночны, шоўк – так называюць лён, вельмі запатрабаваную тэхнічную культуру. У шэрагу раёнаў разгарнуліся работы па ўзняцці льнотрасты і звозцы яе з палёў на льнозаводы. Культура запрасавана на 849 гектарах, гэта 21% да плана. Звезена траста з плошчы 600 гектараў.