Эканомiка
Лукашэнка наведаў Петрыкаўскі раён. У цэнтры ўвагі тэматыка АПК
03.08.2024
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня прадоўжыў рабочую паездку ў Палескі рэгіён, у цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы былі пытанні развіцця аграрнага сектара, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка ў Петрыкаўскім раёне наведаў сельгаспрадпрыемства "Палессе-Аграінвест", заснавальнікам і ўласнікам якога з'яўляецца ААТ "Мазырскі НПЗ".
Першая тэма - пасяўная пад будучы ўраджай. У рэгіёне ўжо сеюць азімы рапс, свірэпіцу.
"Вы лічыце, што пара ўжо рапс на поўдні сеяць? - спытаўся Прэзідэнт у старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. - Я табе раіў бы не сеяць усё адразу, а ў 2-3 этапы і зрабіць вывад. Трэба паглядзець, як на поўдні, у якія часы сеяць. Я баюся з-за культуры земляробства, тэхналогіі ў Гомельскай вобласці мы не справімся з ростам (раслін. - Заўвага БЕЛТА). Калі перарасце восенню, можа загінуць зімой".
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборачнай і іншых сельгасработ у рэгіёне. Прэзідэнт настройвае на эфектыўную работу і строгае выкананне ўсіх агратэхнічных працэсаў. "Без тэхналогіі не трэба сеяць. Асабліва ў Гомелі. 20 ц/га - гэта не ўраджайнасць", - заўважыў ён.
Прыклад - вырошчванне рапсу. Гэта адносна новая для аграрыяў культура, прыбытковая, але і затратная. На полі трэба праводзіць да двух дзясяткаў розных апрацовак.
"Калі ты ўклаўся ў рапс добра, тады і атрымаеш вынік", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
За 2023 год прадпрыемства спрацавала з тэмпам росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі 101,5 працэнта да ўзроўню 2022 года. Пры гэтым выручка ад рэалізацыі прадукцыі была больш як на 12 працэнтаў большай. Атрыманы чысты прыбытак у памеры Br8,1 млн.
Па выніках работы ў студзені - чэрвені бягучага года валавая вытворчасць прадукцыі атрымана на ўзроўні 109,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.
У складзе прадпрыемства працуе таварная ферма "Турок", якая ўведзена ў эксплуатацыю ў 2010 годзе. Ёсць шэсць жывёлагадоўчых памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на 1469 жывёламесцаў.
"Гэта ідэальна. У кожным раёне павінны быць такія кіраўнікі, якія ведаюць тэхналогію ўтрымання жывёл, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Вось гэта ідэальна для ўзнаўлення".
На ферме Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічным працэсам гадоўлі маладняку буйной рагатай жывёлы. "Гэта самы нармальны варыянт. Гэта мы прывыклі - палацы, палацы. А жывёлам палацы не патрэбны. Ім чым прасцей, тым лепш. Акуратненька ўсё зроблена", - ацаніў убачанае Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко далажыў кіраўніку дзяржавы аб планах па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў да 2031 года. Паводле яго слоў, да гэтага часу ў вобласці застанецца 340 малочнатаварных ферм (комплексаў). У рэгіёне плануецца рэканструяваць 190 малочнатаварных аб'ектаў пад гадоўлю маладняку, а таксама пабудаваць і рэканструяваць 86 малочнатаварных комплексаў. Пры гэтым будуць поўнасцю закрыты 111 малочнатаварных ферм.
"Мне вельмі падабаецца гэты комплекс. Ёсць вынік, што тут вам раіць. Рабіце так, як лічыце патрэбным", - рэзюмаваў беларускі лідар.