Эканомiка
Як Гомельшчына аднаўляецца пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Жыллё, бясплатнае харчаванне, інавацыйныя праекты
12.12.2023
Асноўным адміністрацыйна-фінансавым інструментам для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да пацярпелага насельніцтва і тэрыторый сталі дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Цяпер выконваецца шостая дзяржпраграма.
У Гомельскай вобласці праведзена вялікая работа па забеспячэнню нармальнай жыццядзейнасці людзей, дасягнуты значныя вынікі ў сацыяльна-эканамічнай рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый. Рэалізуюцца ахоўныя мерапрыемствы, радыяцыйны маніторынг і кантроль навакольнага асяроддзя і прадукцыі.
– Прыродны газ праведзены да 135 населеных пунктаў, газіфікавана амаль 26,7 тысячы кватэр (дамоў), уведзена ў эксплуатацыю 33,6 тысячы кватэр і дамоў для перасяленцаў і спецыялістаў, – расказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Чарняўская. – Пабудаваны і рэканструяваны 134 агульнаадукацыйныя школы, 101 дзіцячая дашкольная ўстанова, 35 бальніц і 114 ФАПаў, амбулаторый. Уведзена і рэканструявана 3,4 тысячы кіламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём.
За кошт чарнобыльскіх сродкаў штогод каля 88 тысяч дзяцей Гомельшчыны атрымліваюць бясплатнае харчаванне і амаль 61 тысяча чалавек аздараўляецца. Пацярпеламу насельніцтву аказваецца адрасная падтрымка: выплаты, ільготы, кампенсацыі, дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
У рэгіёне пабудаваны і рэканструяваны 51 малочнатаварная ферма, чатыры свінакомплексы, чатыры зернесушыльныя комплексы, птушкафабрыка. Толькі за апошнія пяць гадоў набыта 1,8 тысячы адзінак сельгастэхнікі.
У сферы адукацыі за 10 гадоў з'явіліся 69 аўтобусаў і 892 адзінкі тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання для школьных сталовых. Раённыя бальніцы папоўніліся 703 адзінкамі лячэбна-дыягнастычнага абсталявання.
Важная тэма – рэалізацыя спецыяльных інавацыйных праектаў, накіраваных на эканамічнае развіццё пацярпелых раёнаў. Напрыклад, у Хойніках на ААТ "Мілкавіта" асвоена вытворчасць сухой малочнай сыроваткі, у Нароўлі на ААТ "Чырвоны Мазыранін" зманціравана лінія па вытворчасці пасцілы, у Лельчыцкім раёне мадэрнізаваны шчэбневы завод "Глушкевічы". А гэта рабочыя месцы, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі і эканамічнае развіццё прадпрыемстваў, дадала дэпутат.
Рэалізацыя дзяржпраграмы працягнецца і ў 2024 годзе. Новае жыллё з'явіцца ў Брагіне, Ветцы, Карме, Нароўлі, Хойніках і Чачэрску. Будуць пабудаваны малочнатаварныя фермы ў Веткаўскім і Нараўлянскім раёнах, зернесушыльны комплекс на Чачэршчыне. У найбольш пацярпелых рэгіёнах будуць замяняцца водаправодныя сеткі, з'явяцца станцыі абезжалезвання і артсвідравіны.
– Да вырашэння чарнобыльскіх пытанняў ужо прымяняюцца новыя падыходы. Эканамічнае развіццё рэгіёнаў – аснова стратэгіі пераадолення наступстваў катастрофы. Будуць аздараўляцца дзелавы мікраклімат, заахвочвацца інвестыцыі, падтрымлівацца ініцыятывы, накіраваныя на стымуляванне прытоку капіталу. Задача адна – забяспечыць пераход ад адраджэння да дынамічнага развіцця. А каб атрымаць гэты вынік, трэба папрацаваць усім разам, якасна выконваючы сваю работу, – падагульніла Жанна Чарняўская.