Эканомiка
Гомельшчыну наведала дэлегацыя з Узбекістана
16.01.2025
Дэлегацыя Ферганскай вобласці Рэспублікі Узбекістан на чале з саветнікам хакіма па развіцці мясцовай прамысловасці Акмалам Пулатавым наведала з афіцыйным візітам Гомельшчыну. У складзе – члены хакіміята рэгіёна, выкладчыкі ВНУ, прадпрымальнікі.
Госці ўсклалі кветкі да памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа на плошчы Паўстання ў Гомелі, наведалі некалькі прадпрыемстваў абласнога цэнтра, універсітэт, правялі двухбаковыя перамовы.
У рамках візіту рэктар ГДТУ імя П. В. Сухога Артур Пуцята і рэктар Ферганскага політэхнічнага ўніверсітэта Украм Саламаў падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Дакумент уключае дамоўленасці аб абмене студэнтамі і выкладчыкамі, правядзенні сумесных семінараў, праграм навучання, рэалізацыі двухбаковых праектаў, перадачы вопыту ў рамках міжнародных праграм.
З дэлегацыяй Рэспублікі Узбекістан сустрэўся старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Гасцям паказалі відэавізітку паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі і прэзентавалі прамысловы, экспартны, турыстычны, культурны патэнцыял Гомельшчыны.
– Рады, што год пачынаецца такой важнай міжнароднай сустрэчай. У мінулым годзе мы актывізавалі працу з Ферганскай вобласцю. Упэўнены, ваш візіт будзе рэзультатыўным і стане прадаўжэннем нашых дамоўленасцей з хакімам Хайруло Бозаравым, – падкрэсліў губернатар. – Мы разглядалі многія напрамкі і выпрацавалі канкрэтны план дзеянняў.
Каля 700 прадпрыемстваў Гомельшчыны працуюць на экспарт, яны гатовы абмяркоўваць пытанні партнёрства з бізнесменамі з Узбекістана, запэўніў кіраўнік рэгіёна. У прыватнасці, адным з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва можа стаць дрэваапрацоўка, вытворчасць мэблі: «Прадпрыемствы мадэрнізаваны, сыравіны розных парод дастаткова. Калі ёсць да гэтага ўвага, мы будзем не супраць развіцця ўзаемадзеяння».
Абмеркавалі таксама пытанне стварэння сумеснага гандлёвага дома ў Гомелі. На гэты момант у якасці стартавай пляцоўкі прапануюць тэрыторыю адной з арганізацый аптовага гандлю. Ёсць перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, вытворчасці медыцынскага абсталявання, машынабудаванні, турызме.
– Сёння мы пазначылі для сябе механізм далейшай працы. Шлях да развіцця нашых адносін ляжыць у першую чаргу праз гандаль. Мы прыехалі не дзеля праформы, а з канкрэтнымі прапановамі. Намечаны рэальныя кантракты, гэта станоўчы вынік. Мы гаворым на розных мовах, але думаем у адным кірунку. Прадукцыя з Беларусі вельмі запатрабавана, мы зацікаўлены ў стварэнні сумеснага прадпрыемства. У прыватнасці, хочам адкрыць мэблевую фабрыку ў Фергане, – намеціў планы Акмал Пулатаў.