Эканомiка
Гомельшчына прыбаўляе па малаку: у аблвыканкаме абмеркавалі, як утрымаць рост паказчыка
17.02.2025
На штодзённым кантролі кіраўніцтва вобласці знаходзіцца пытанне павышэння ўзроўню надояў у гаспадарках рэгіёна. Дадзеную тэму абмеркавалі на нарадзе на чале з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Дзмітрыем Петражыцкім.
Апошнім часам Гомельшчына прыбаўляе па аб'ёмах атрыманага малака. Адначасова ў асобных раёнах назіраецца зніжэнне ўдояў на адну карову.
На нарадзе гаварылі таксама пра работу новых комплексаў, кантроль якасці кармоў і своечасовае забеспячэнне імі жывёл.
Дзмітрый Петражыцкі падкрэсліў, што галоўнае ў гэтым пытанні – уменне гаспадарак працаваць па тэхналогіі. Тады і корму будзе хапаць, і надоі будуць расці, і прыбаўленні забяспечаны.
На прыкладзе Брагінскага раёна разгледзелі пытанне выкарчоўвання яблыневых садоў. Задача старшыні аблвыканкама Івана Крупко раёнам – раскарчоўваць не менш за тры гектары дрэў у дзень.
– Тэхнікі ўсім хапае, людзей таксама дастаткова. Уключайцеся ў гэтую працу больш актыўна, у вас для гэтага ўсё ёсць, – запатрабаваў ад старшыняў райвыканкамаў Дзмітрый Петражыцкі.