Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

Дні Гомельскай вобласці на ВДНГ у Маскве афіцыйна адкрыты

06.05.2024
Патэнцыял паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі ў расійскай сталіцы прэзентуе старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Багатая гісторыя, унікальная прырода і бязмежныя прамысловыя рэсурсы: супрацоўнічаць з Гомельшчынай можна ў самых розных кірунках – машына- і прыборабудаванні, сельскай і лясной гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне, культуры і адукацыі.

– Гомельская вобласць уносіць важкі ўклад у структуру рэспубліканскіх аб'ёмаў вытворчасці. Па выніках мінулага года гэта каля 12% валавога ўнутранага прадукту краіны, пятая частка прамысловай вытворчасці і 12% сельскагаспадарчай, амаль 18% тавараабароту і 13% інвестыцый у асноўны капітал, – назваў асноўныя паказчыкі губернатар.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, губернатары расійскіх рэгіёнаў-партнёраў.
– Двухбаковае супрацоўніцтва паміж Гомельскай вобласцю і расійскімі рэгіёнамі ўключае 37 дагавораў. Яшчэ 89 пагадненняў рэалізуюцца гарадамі і раёнамі вобласці з адміністрацыйнымі расійскімі ўтварэннямі. Толькі за мінулы падпісана 16 такіх дакумэнтаў. Гэта сведчыць аб геаметрычнай прагрэсіі развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, – падкрэсліў Іван Крупко падчас прэзентацыі рэгіёна.

У рамках урачыстага адкрыцця Іван Крупко падпісаў некалькі дакументаў з абласцямі Расіі. З губернатарам Бранскай вобласці Аляксандрам Багамазам – план мерапрыемстваў на 2024–2026 гады па рэалізацыі пагаднення паміж двума рэгіёнамі аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і культурнай сферах. З губернатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам – пагадненне аб міжнародных і знешнеэканамічных сувязях у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-гуманітарнай і культурнай сферах. З губернатарам Арлоўскай вобласці Андрэем Клычковым – дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі ў 2024 годзе.

Паміж Обнінскам і Гомелем устаноўлены пабрацімскія адносіны. Адпаведную дамову падпісалі старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў і кіраўнік адміністрацыі Обнінска Таццяна Лявонава.

Для гасцей свята прадпрыемствы вобласці наладзілі прэзентацыю прадукцыі, працуюць выстава "Гомельшчына: гісторыя і сучаснасць", майстры народных мастацкіх рамёстваў, экспазіцыя турыстычнай галіны рэгіёна.

– Расійскім калегам падабаецца гэты фармат, многія з іх ужо сёння кажуць, што глянулі на Гомельшчыну зусім іншымі вачыма. Усе галіны ў той ці іншай меры прадстаўлены ў Гомельскай вобласці, свой патэнцыял тут выкарыстоўваюць вельмі добра, – такое меркаванне выказаў пасол Рэспублікі Беларусь у Расіі Дзмітрый Круты.

Пасол падкрэсліў, што, будучы ўпаўнаважаным па справах Прэзідэнта ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Беларусі, змог вывучыць яго дастаткова глыбока:
– Гэта ўнікальны край, дзе жывуць і працуюць сумленныя, прыстойныя і гасцінныя людзі.

Іван Крупко ўручыў Дзмітрыю Крутому, Дзмітрыю Мезенцаву, а таксама губернатарам Бранскай, Арлоўскай, Кіраўскай абласцей і Прыморскага краю нагрудны знак Дружбы народаў.

Дні Гомельскай вобласці ў Маскве будуць працаваць да 13 мая.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ