Беражліва ставіцца да кадраў і адказна да задач: кіраўніком адміністрацыі СЭЗ «Гомель-Ратон» стаў Дзмітрый Лебедзь
Да гэтага Дзмітрый Лебедзь восем гадоў займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля.
Новага кіраўніка калектыву прадставіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко:
– Гэта чалавек адказны, які беражліва ставіцца да кадраў і якасна выконвае пастаўленыя задачы. Упэўнены, што гэта прынясе вашай арганізацыі новыя вынікі.
Губернатар уручыў Падзяку аблвыканкама Антаніне Яжовай, якая працавала ў свабоднай эканамічнай зоне дваццаць гадоў, з іх пятнаццаць – узначальвала калектыў. Кіраўнік застанецца ў СЭЗ на пасадзе намесніка кіраўніка.
– Свабодная эканамічная зона мае сур'ёзную вагу, заўсёды ідзе на крок наперадзе. Пры Антаніне Ізотаўне створаны ўсе ўмовы, у склад уваходзіць 60 прадпрыемстваў, у тым ліку замежных. Стаіць задача і далей развівацца самім і развіваць краіну па ўсіх стратэгічных напрамках. Падыходы вызначаны, далейшы шлях зразумелы. У вас наперадзе вялікая будучыня, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
У сваю чаргу Антаніна Яжова падзякавала калектыву і адзначыла, што кожны работнік тут на вагу золата, ні адзін з іх не падвядзе новага кіраўніка.