Эканомiка
Аграрыі Калінкавіцкага раёна расказалі губернатару аб веснавых палявых работах
18.03.2024
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко праінспектыраваў ход веснавых палявых работ у Калінкавіцкім раёне.
Першы прыпынак – на полі СУП "Дудзічы-Агра". У мінулым годзе тут пасеялі 80 гектараў люцэрны, у гэтым годзе план павялічылі да 250 гектараў: культура паказала сваю эфектыўнасць, добра перазімавала.
– Тры-чатыры ўкосы здымаем, таму, як дазволіла надвор'е, адразу пачалі сеяць, – дзеляцца аграрыі.
Другое поле – прадпрыемства "Даманавічы-Агра", дзе ўзышоў азімы ячмень. Каранёвая сістэма ў культуры добрая, зараз аграрыі займаюцца падкормкай. Аб'ёмы сяўбы ячменю ў гаспадарцы з кожным годам павялічваюць.
Да пасяўной прыступілі прыкладна тыдзень таму, для пачатку тэхніка выйшла на пясчаныя глебы. Пасля перайдуць на пераўвільготненыя палі, якія знаходзяцца ў нізінах.
– Калі трэба будзе, падтрымайце люцэрну ўгнаеннямі. Калі ёсць праблемы або пажаданні, агучвайце, мы дапаможам, – запрашае да дыялогу губернатар.
У гаспадарцы запэўнілі: усяго хапае, патрэбнымі сродкамі забяспечаны, насенне выдзелена ў патрэбным аб'ёме.
Прыклад рэканструкцыі хлявоў для жывёл паказалі на таварнай ферме "Буда". Памяшканні пуставалі каля пяці гадоў, за некалькі месяцаў іх прывялі ў парадак і добраўпарадкавалі.
Маладых быкоў тут ўтрымліваюць у прасторных кароўніках, ёсць магчымасць камфортнага выгулу. Не хапае толькі абсталяваных кармавых сталоў, заўважае губернатар Іван Крупко:
– Не трэба вялікіх выдаткаў, дастаткова ўсталяваць высокі добры бардзюр. Будзе зручна і жывёлам, і тым, хто за імі даглядае.