Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

Ад рагачоўскай згушчонкі да добрушскіх талерак: што купляюць масквічы ў беларускім павільёне ВДНГ

13.11.2023
У апошнія дні Беларускі гандлёва-выставачны цэнтр на ВДНГ у Маскве карыстаецца асаблівай папулярнасцю: тут абнавілі экспазіцыю – з'явіліся экспанаты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства лясной гаспадаркі, турыстычных кампаній. Госцем павільёна № 18 стала і дэлегацыя з Гомельскай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко.

– У першыя дні лістапада лічыльнік паказаў больш за 10 тысяч наведвальнікаў, 4 лістапада зафіксавалі 11 тысяч чалавек, – прыводзе статыстыку генеральны дырэктар Беларускага гандлёва-выставачнага цэнтра на ВДНГ Генадзь Раманенка.

Губернатар пацікавіўся, ці бываюць на выставе дэлегацыі расійскіх рэгіёнаў. Адказ сцвярджальны: рэгулярна наведваюць павільён і дзелавыя колы, і проста турысты. На днях былі губернатары Амурскай вобласці і Прыморскага краю, віцэ-прэм'ер.

А паглядзець тут сапраўды ёсць на што. І не толькі паглядзець: дзясяткі відаў сыроў, мясных вырабаў, марожанага, а таксама касцюмы ад "Камінтэрна", добрушскі фарфор, школьная форма ад Жлобінскай швейнай фабрыкі. Усё прадаецца. І купляецца.

– Рагачоўская згушчонка добра ідзе, асабліва ў бляшанках бяруць. Пастаянна карыстаецца попытам сметанковае масла тлустасцю 82,5%, – распавядаюць прадаўцы беларускага павільёна.
У кандытарскім аддзеле Іван Крупко даведаўся, што маскоўскія пакупнікі палюбілі новую лінейку тонкага шакаладу фабрыкі "Спартак". Папулярнасцю карыстаюцца пліткі з высокай колькасцю какавы ад гомельскай кандытарскай фабрыкі. Некаторыя аддаюць перавагу традыцыйным лінейкам – купляюць знакамітыя бочачкі з рознымі начынкамі, вафлі, падарункавыя наборы.

У сваю чаргу губернатар прапануе кіраўніцтву гандлёва-выставачнага цэнтра на ВДНГ звярнуць увагу на супрацоўніцтва з нараўлянскім акцыянерным таварыствам "Чырвоны Мазыранін". У прыватнасці, прапрацаваць пытанне паставак ірысак.

Касцюмы ад "Камінтэрна" набываюць у фірменнай краме бізнэсмэны і выкладчыкі: цэняць у першую чаргу за якасць. Цяпер у трэндзе камплекты з натуральных матэрыялаў з высокім працэнтам шэрсці. Паколькі цана ў гомельскага брэнда ніжэйшая, чым у іншых магазінах, разбіраюць калекцыі хутка.

Да таго ж у свой час фірмовы аддзел пачуў пажаданні расійскіх кліентаў: тут любяць не аднатонныя тканіны, а з прынтам. Напрыклад, зараз часцей пытаюць касцюмы ў клетку.
– Навагоднюю калекцыю раскупілі літаральна за тры дні. Засталося толькі тое, што на вітрыне, – прадавец-кансультант аддзела Добрушскага фарфоравага завода дзеліцца вынікамі апошніх гандлёвых дзён.

На пытанне Івана Крупко, якія тавары трэба дадаць на паліцы, у магазіне сцвярджаюць, што апошнім часам праблем з пастаўкамі няма. Калекцыі "Гусі", "Батаніка", талеркі з валошкамі і белыя наборы без упрыгожванняў – вось фаварыты расійскага пакупніка.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ