Эканомiка
Абмен вопытам і кааперацыя ў сферах сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Дэлегацыя Гомельскай вобласці наведала Браншчыну
14.02.2024
Важныя складальнікі супрацоўніцтва – абмен вопытам, магчымасць вучыцца адзін у аднаго ў розных сферах. Гэта дазваляе вырашаць пытанні імпартазамяшчэння і кааперацыі, курс на якія задалі кіраўнікі двух рэгіёнаў.
Падчас апошняга візіту губернатара Бранскай вобласці Аляксандра Багамаза на Гомельшчыну размова зайшла аб закупцы сучаснага даільнага абсталявання для малочнатаварных ферм вытворчасці "Гомельагракамплекта" і аб будаўніцтве малочнатаварных ферм пад ключ з выкарыстаннем вопыту гомельскіх калег. У працяг дыялогу дэлегацыя ад нашага рэгіёна з удзелам намеснікаў старшыні аблвыканкама Андрэя Бараноўскага і Дзмітрыя Алейнікава абмеркавала ў Бранску будучы праект.
– Важна паказаць нашы магчымасці ў будаўніцтве такіх вытворчых аб'ектаў, яны апрабаваны на практыцы, даюць нядрэнныя вынікі, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.
Знойдзе працяг і тэма будаўніцтва жылых дамоў. Нашы расійскія суседзі засталіся задаволеныя працай беларусаў у мінулым годзе і сёння гатовы прапанаваць тры пляцоўкі пад забудову трох шматкватэрных жылых дамоў. Цікавасць да праекта паказваюць Гомельскі і Мазырскі ДБК.
Прадстаўнікі дэлегацыі вывучылі вопыт расійскіх калег па будаўніцтве спартыўных аб'ектаў. Андрэй Бараноўскі падкрэсліў гатоўнасць і далей развіваць і ўмацоўваць адносіны, якія склаліся паміж нашымі абласцямі. Абмен вопытам у галіне малочнай жывёлагадоўлі, наладжванне супрацоўніцтва па будаўніцтве малочнатаварных ферм і набыцці абсталявання для ўтрымання БРЖ мае важнае сацыяльна-эканамічнае значэнне для суседніх рэгіёнаў, але не менш значнае і развіццё падрастаючага пакалення.