Культура
На сцэне, на экране, у музеі. На калегіі галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама падвялі вынікі і намецілі перспектывы
01.03.2024
Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Інга Заўгародняя адзначыла, што за апошнія гады павялічылася колькасць мерапрыемстваў. Яны праведзены на належным узроўні, але разам з тым ёсць неабходнасць у мадэрнізацыі падыходаў да іх і карэкціроўкі творчага складальніка. Для гэтага патрэбны свежыя творчыя ідэі, абноўлены рэпертуар. Патрэбны сучасныя праекты, цікавыя моладзі.
У мінулым годзе адзначыўся рост наведвальнікаў музейных устаноў. Традыцыйна на першым месцы палацава-паркавы ансамбль, у лідарах абласной музей ваеннай славы, карцінная галерэя Гаўрыіла Вашчанкі.
Творчыя калектывы шасці тэатральна-відовішчных устаноў вобласці правялі больш за 2 тысячы мерапрыемстваў, прадставілі 23 прэм'ерныя спектаклі, 11 новых канцэртных праграм. На пляцоўках вобласці адбылося 850 канцэртаў і пастановак пры ўдзеле нашых артыстаў і артыстаў з іншых краін.
Летась у гомельскім кінатэатры "Октябрь" устанавілі лазернае лічбавае абсталяванне, а ў ельскім кінатэатры "Дружба" адкрылася сучасная лічбавая кіназала. У цэлым на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы накіравана больш за 97 мільёнаў рублёў.
Нам ёсць куды імкнуцца і што развіваць, падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення. Сярод прыярытэтаў – развіццё нацыянальнай культуры, падтрымка таленавітых людзей, падрыхтоўка мерапрыемстваў да знакавых падзей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Задача кіраўнікоў устаноў – павялічваць пазабюджэтныя даходы і за кошт гэтага павышаць зарплаты работнікам.
Інга Сяргееўна падзякавала ўсім, хто працуе ў гэтай няпростай галіне, і адзначыла, што менавіта культура дапамагае нам адчуваць сябе адзіным, унікальным і самабытным народам.