Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Спорт i турызм
Спорт i турызм

Жлобін у рамках II Гульняў краін СНД аб'яднае сусветную эліту самба

18.07.2023
Жлобінскі Палац гульнявых відаў спорту 12 і 13 жніўня прыме самбістаў топ-узроўню з дзесяці краін. Тое, што сустрэчы на дыване будуць гарачымі, «Гомельскай праўдзе» паабяцала першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі самба Вераніка Казлоўская.

– На самай справе жлабінчанам і ўсім прыхільнікам самба, якія прыедуць 12 і 13 жніўня на II Гульні краін СНД у Жлобін, вельмі пашанцуе: яны стануць сведкамі напружанай барацьбы, супрацьстаяння характараў і праявы сілы духу спартсменаў сусветнай велічыні. Будучыя спаборніцтвы па канцэнтрацыі тытулаваных самбістаў у асобных вагавых катэгорыях можна прыраўняць да фіналу чэмпіянату свету. Упэўнена, гледачы не расчаруюцца і адчуюць здавальненне ад паядынкаў. Змагацца за медалі ў Жлобіне будуць 145 самбістаў у сямі вагавых катэгорыях з Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Азербайджана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Туркменістана. Літаральна ў апошні вагон паспелі ўскочыць і спартсмены з Манголіі. Многія самбісты з'яўляюцца ўдзельнікамі і прызёрамі міжнародных турніраў, чэмпіёнамі свету, а значыць, канкурэнцыя сур'ёзная, узровень спаборніцтваў – высокі. Традыцыйна самую напружаную і відовішчную барацьбу чакаем паміж прадстаўнікамі мацнейшых каманд з Расіі, Казахстана, Узбекістана і, вядома, Беларусі. У нашых самбістаў, дарэчы, вельмі паспяховых на еўрапейскіх і сусветных чэмпіянатах, а таксама на I Гульнях краін СНД у Казані, не будзе магчымасці расслабіцца. Яны ўзмоцнена рыхтуюцца, каб сустрэць Гульні ў поўным узбраенні. Плануецца, што 31 ліпеня спартсмены нацыянальнай каманды прыбудуць на зборы ў Жлобін, каб трэніравацца аж да пачатку спаборніцтваў, – адзначыла Вераніка Казлоўская.

Жлобін, хаця і не разбалаваны маштабнымі спартыўнымі мерапрыемствамі міжнароднага ўзроўню, мае сучасную спартыўную інфраструктуру і прафесійныя кадры. Палац гульнявых відаў спорту, адкрыты ў 2013 годзе як спартыўная арэна для арганізацыі і правядзення аматарскіх турніраў, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў і спартакіяд, гатовы правесці мерапрыемства на самым высокім узроўні. Яго трыбуны могуць умясціць 1500 гледачоў. Як запэўніў начальнік аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўген Ахрэменка, падрыхтоўка да Гульняў выйшла на фінішную прамую.

– У цэлым сам палац мы даўно прывялі ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі. Тут створаны камфортныя ўмовы для размінкі і адпачынку спартсменаў, а таксама работы судзейскага і трэнерскага саставу, прадстаўнікоў СМІ. Па словах спецыялістаў, будынак падыходзіць па ўсіх параметрах. Справа за малым: зманціраваць на арэне памост для дывана, задрапіраваць тры сцяны залы сіняй тканінай, як у алімпійскім спарткомплексе «Стайкі», і ўсталяваць вялікі экран, каб усё, што адбываецца, гледачы змаглі ўбачыць у дэталях. Непасрэдна афармленне залы плануецца пачаць прыкладна 7–8 жніўня.

Даўно прапрацаваны і ўрэгуляваны пытанні пражывання, харчавання і дастаўкі ўдзельнікаў да месца правядзення спаборніцтваў. Дэлегацыі будуць размяшчацца ў трох гатэлях, прычым два з іх знаходзяцца максімальна блізка да спартыўнай пляцоўкі. Зразумела, прадумана прэзентацыйная праграма, культурнае суправаджэнне. Адным словам, зробім усё, каб вялікае міжнароднае спартыўнае свята засталося ў памяці ўдзельнікаў, гасцей горада і саміх жлабінчан надоўга. Разлічваем на высокую цікавасць да спаборніцтваў з боку аматараў спорту, тым больш што прыйсці на трыбуны і пабалець за сваю каманду можна будзе бясплатна, – падкрэсліў Яўген Ахрэменка.

Тым часам Жлобін паступова напаўняецца галоўнымі спартыўнымі атрыбутамі з сімволікай ІІ Гульняў краін СНД. На ўездзе ў горад у ладдзі прапісалася прыязная і вясёлая Рыся – талісман, закліканы натхняць спартсменаў. На днях яшчэ адна Рыся з'явіцца ў Палаца гульнявых відаў спорту. Арнаментальныя васьміканцовыя зоркі-валошкі запаліліся на інфармацыйных стэндах і білбордах. Падчас правядзення спаборніцтваў пляцоўка перад Палацам гульнявых відаў спорту ператворыцца ў адну вялікую фанзону з квэстамі, майстар-класамі ад Цэнтра алімпійскага рэзерву, выступленнямі лепшых творчых калектываў Жлобіншчыны і, вядома, выязным гандлем.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ