Спорт i турызм
У Гомелі з'явілася новая фехтавальная зала
20.10.2023

Урачыстае адкрыццё адбылося ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па прыкладных відах спорту.
Удзел у цырымоніі прынялі міністр сувязі і інфарматызацыі, старшыня апякунскага савета Беларускай рэспубліканскай федэрацыі фехтавання Канстанцін Шульган, намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Дзмітрый Даўгалёнак.
Цяпер у прасторнай зале на пяці спецыяльных дарожках будуць займацца каля 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. Не выключана, што адкрыццё сучаснай пляцоўкі з часам прыцягне яшчэ больш дзяцей у гэты від спорту. Павялічылася і колькасць трэнераў: юных фехтавальшчыкаў будуць рыхтаваць чатыры спецыялісты.
– Для мяне фехтаванне – адзін з найпрыгажэйшых відаў спорту, – адзначыў Канстанцін Шульган. – Работа нашай федэрацыі заўсёды была накіравана на стварэнне ўмоў для развіцця юных спартсменаў. Адкрываючы падобныя залы, мы робім значны ўклад у папулярызацыю фехтавання і выхаванне будучых чэмпіёнаў.
Дзмітрый Алейнікаў падзякаваў усім, хто мае дачыненне за падарунак для гамяльчан. Намеснік старшыні аблвыканкама выказаў упэўненасць, што новая фехтавальная зала дапаможа ўзгадаваць мноства талентаў і будзе адной з лепшых у краіне.
У завяршэнні мерапрыемства легенда савецкага фехтавання, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі фехтавання Аляксандр Раманькоў правёў фота- і аўтограф-сесію.