Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Спорт i турызм
Спорт i турызм

Лёгкаатлеты з Гомельскай вобласці заваявалі цэлы россып узнагарод на II Іграх краін СНД

10.08.2023

На ІІ Гульнях краін СНД завяршыліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Рабяты з Гомельскай вобласці заваявалі цэлы россып узнагарод.

Два медалі ў Ільі Карэбы. Ён перамог у забегу на 60 метраў з бар'ерамі і стаў трэцім на гладкай дыстанцыі 60 метраў.

– Адчуваю вялікую радасць ад такога выніку. Мне ўдалося за кароткі тэрмін аднавіцца пасля траўмы, і зараз адчуванні неверагодныя. Дзякуй трэнерам, якія настройвалі на перамогу. Яны мяне матывавалі, казалі, што ўсё атрымаецца, – цытуе юнага чэмпіёна БелТА. – Перамагчы тым больш ганарова, што сапернікі былі даволі моцныя, асабліва з расійскай каманды.

У Багдана Зібрава два срэбры: у бегена 60метраў і змешанай эстафеце 4х200 метраў. Два другія месцы і ў Кірылы Яшчука: у забегу на 300 метраў з бар'ерамі і таксама ў змешанай эстафеце 4х200 метраў.

Іван Шылец перамог у сектары для скачкоў у даўжыню, Іван Белавусаў заняў другую пазіцыю ў шасцібор'і, Ягор Бярэшка быў трэцім на дыстанцыі 300 метраў.

Бліскуча выступілі нашы дзяўчаты. Марыя Харчанка выйграла ў забегу на 300 метраў з бар'ерамі, яе сястра Сафія ў гэтай жа дысцыпліне атрымала бронзу. Валерыя Грыцкова перамагла ў сектары для кідання дзіды, там жа на трэцяй пазіцыі апынулася Рэгіна Алейнікава. Эльміра Лаўрова стала чэмпіёнкай II Гульняў краін СНД у кіданні дыска, а Руслана Моцар узяла бронзу ў скачках з шастом.

Такім чынам, на рахунку лёгкаатлетаў Гомельшчыны 13 медалёў, з якіх 5 залатых, 3 сярэбраныя і 5 бронзавых. Удзел у срэбры ў змешанай эстафеце 4х200 метраў, аб чым згадана вышэй. І, вядома, сур'ёзны ўклад у заваяванне зборнай Беларусі другога месца ў камандным заліку.

Паспяховае выступленне “Гомельскай праўдзе” пракаментавала намеснік дырэктара ГАЦАР па лёгкай атлетыцы Кацярына Ганчар. Яна прысутнічала на спаборніцтвах у Мінску:

– Ганаруся, што нашы спартсмены, а гэта па сутнасці 13–14-летнія дзеці, не збянтэжыліся на вялікай арэне – стадыёне «Дынама». Не спалохаліся, палепшылі свае асабістыя вынікі, заваявалі медалі – адным словам, праявілі сапраўдны байцоўскі характэр, волю да перамогі. Усё, як у дарослых атлетаў. Хоць для іх гэта быў першы ў жыцці сур'ёзны старт, яны праявілі сябе як мае быць.

– Нават больш: з 39 беларускіх узнагарод у лёгкай атлетыцы 13 здабылі менавіта прадстаўнікі Гомельскай вобласці. Дзякуючы чаму ўдалося так рэзультатыўна выступіць?

– Хутчэй за ўсё, тут тры складнікі. Само пакаленне 2009–2010 гадоў нараджэння ў нашым рэгіёне вельмі добрае. Таленавітыя, вялікія працаўнікі. Хочацца, каб яны працягнулі займацца лёгкай атлетыкай і рэалізавалі сябе ў спорце вышэйшых дасягненняў. Лічу, гэта будучыня нашай лёгкай атлетыкі. Таксама вялізная роля трэнераў. Яны прафесійна падвялі сваіх падапечных да Гульняў. Здолелі ў патрэбны момант знайсці правільныя словы, падбадзёрыць, усяліць упэўненасць. Звычайна сезон у дзяцей заканчваецца яшчэ ў чэрвені, а на гэты раз ён зацягнуўся практычна да сярэдзіны жніўня, што таксама няпроста. Ну і трэці момант – рабят падтрымлівалі гледачы на трыбунах. Больш за тое, каля 40 нашых адданых балельшчыкаў прыехала з Гомеля ў Мінск, каб таксама падтрымаць спартсменаў. Гэта было вельмі прыемна.

– Ці спадабалася арганізацыя Гульняў? Якія ўражанні?

– Найлепшыя. Арганізацыя – як на добрых міжнародных спаборніцтвах. Выдатнае харчаванне, цудоўныя ўмовы пражывання. Нас аператыўна дастаўлялі на ўсе патрэбныя аб'екты. Дзеці атрымалі прафесійную экіпіроўку – з добрых тканін, з яркім маладзёжным дызайнам – і засталіся вельмі задаволеныя.

Таксама адзначым герояў Гульняў з іншых рэгіёнаў нашай краіны. Ганна Арлоўская стала двухразовай чэмпіёнкай Гульняў: у бегу на 60 і на 300 метраў. Анатоль Хоміч здабыў золата ў штурханні ядра і срэбра ў кіданні дыска. Ілля Гушча выйграў спаборніцтвы па кіданні дзіды, Аляксею Панамарову дасталася бронза. У Лізаветы Сіткевіч золата ў пяцібор'і, Яна Аксёнава на трэцяй пазіцыі. Сафія Каралёнак перамагла ў кіданні молата, а Вераніка Шчарбянок заваявала срэбра. Глеб Пілюк і Арсень Кручанкоў узялі срэбра і бронзу ў скачках з шастом. Андрэй Літвіновіч і Уладзіслава Траццякова занялі трэція месцы ў сваіх забегах на 600 метраў. Арына Вілітнюк і Максім Гапаў атрымалі бронзу ў сектары для скачкоў у вышыню, Наталля Скрабец – у штурханні ядра, Надзея Галаўлёва і Арцём Прыпутневіч – у хадзьбе на 3000 метраў, Станіслаў Сцямасаў– у забегу на 300 метраў з бар'ерамі, а Ягор Грышчанкоў – у шасцібор'і .

Вынікі выступлення нашых маладых спартсменаў падвёў дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы Ігар Сівадзедаў:

– Для нашых рабят II Гульні краін СНД сталі сапраўдным святам. Многія з іх выдатна выступілі. Пра гэта гавораць два моманты. Першы – частка атлетаў устанавілі або паўтарылі свае асабістыя рэкорды. Значыць, трэнеры добра іх падрыхтавалі, вывеўшы на пік формы. Другі – колькасць заваяваных медалёў. Яна даволі вялікая.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ