Кавальчук заявіў аб найвышэйшай гатоўнасці спартаб'ектаў Гомельскай вобласці да ІІ Гульняў краін СНД

Узровень гатоўнасці спартыўных пляцовак у Гомелі і Жлобіне да II Гульняў краін СНД - найвышэйшы. Аб гэтым заявіў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук пры наведванні Лядовага палаца ў Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Кавальчук нагадаў, што гэтымі днямі ў Жлобіне завяршыліся тэставыя спаборніцтвы па самба. "Яны паказалі найвышэйшую ступень гатоўнасці. Цяпер глядзім Гомель, дзе праходзяць тэставыя спаборніцтвы па дзюдо. Самі спаборніцтвы вельмі цікавыя. Аб'ект таксама ў высокай ступені гатоўнасці", - ацаніў ён.
Таксама ў вобласці прадумана і распрацавана культурная, турыстычная праграма з наведваннем знакавых месцаў паўднёва-ўсходняй часткі краіны, аб'екты пражывання, харчавання. "Усе аб'екты на сённяшні дзень праінспектаваны. Усё ў найвышэйшай ступені гатоўнасці. Думаю, што не кожная краіна можа пахваліцца такім узроўнем арганізацыі і правядзення падобных мерапрыемстваў. Мы былі ў Брэсце, Гродне, Магілёве, Віцебску, Мінскай вобласці. У Гомелі мы завяршаем аб'езд усіх рэгіёнаў, заўтра будзем у Мінску. Сёння ўсе аб'екты, не толькі спартыўныя, але і культурныя, у выдатным стане. І мы гатовы паказаць нашу краіну ва ўсёй красе", - падкрэсліў Сяргей Кавальчук.
З 4 па 8 жніўня дзве арэны Хакейнага клуба "Гомель" прымуць спаборніцтвы па дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 2006-2008 гадоў нараджэння ў рамках ІІ Гульняў краін СНД. Спаборніцкая частка будзе праходзіць на арэне А, размінка - на арэне Б. Выхад спартсменаў на татамі прадугледжаны праз брэндзіраваную арку. Месцы для антыдопінгавага забеспячэння размешчаны паблізу спаборніцкай зоны, дзе ўсё спецыяльна абсталявана для допінг-кантролю. А медабслугоўванне спаборніцтваў забяспечаць супрацоўнікі Гомельскага абласнога дыспансера спартыўнай медыцыны і ўстаноў аховы здароўя Гомеля.
У спаборніцтвах па дзюдо запланавана каля 460 удзельнікаў з 10 краін. На сённяшні дзень удзел пацвердзілі 204 удзельнікі з 8 краін: Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана. Па рэгламенце, максімальны склад адной каманды 41 чалавек: 32 спартсмены, 4 трэнеры, 4 урачы (уключаючы масажыста) і суддзя па спорце міжнароднай катэгорыі. Для забеспячэння спаборніцтваў неабходна 52 суддзі: 44 суддзі з Беларусі і 8 у складзе каманд. На гэтых пляцоўках гатовы аказаць удзельнікам і гасцям Гульняў неабходную падтрымку 45 валанцёраў.
Найвышэйшая гатоўнасць да сустрэчы спартсменаў Садружнасці і ў Жлобіне. Горад на Дняпры прыме самбістаў з 11 па 14 жніўня. Паводле даных намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Алейнікава, сустрэча спартсменаў адбудзецца ў палацы гульнявых відаў спорту Цэнтра алімпійскага рэзерву Жлобіна, дзе пройдуць спаборніцтвы па самба сярод мужчын і жанчын 2005 года нараджэння і старэйшых. Будуць задзейнічаны дзве спартыўныя залы: для спаборніцкай часткі і размінкі. Спартсмены будуць выходзіць на дыван праз брэндзіраваную арку. Вызначана памяшканне для працэдуры правядзення допінг-тэстаў. За медыцынскае абслугоўванне спаборніцтваў адказныя супрацоўнікі Гомельскага абласнога дыспансера спартыўнай медыцыны і Жлобінскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у спаборніцтвах па самба запланаваны ўдзел амаль 240 чалавек з 10 краін. На сённяшні дзень пацвердзілі намеры 132 удзельнікі: 108 спартсменаў, 24 чалавекі з трэнераў, суддзяў, прадстаўнікоў, масажыстаў. Гэта прадстаўнікі Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Туркменістана, Таджыкістана. Максімальны склад адной каманды 14 чалавек: 7 мужчын, 7 жанчын, 4 трэнеры, урач, масажыст, суддзя па спорце міжнароднай катэгорыі, прадстаўнік. Судзейства будзе забяспечана згодна з дзеючымі міжнароднымі правіламі і рэгламентам па алімпійскай сістэме. Будуць працаваць 30 суддзяў: 21 суддзя з Беларусі і 9 у складзе каманд. Таксама рэспубліканскай федэрацыяй была вызначана патрэбнасць у 45 валанцёрах.