Грамадства
Жыхары рэгіёна сабраліся на «Гомельскую лыжню»
22.01.2024

Аматары актыўнага адпачынку правялі час з карысцю на заснежанай пляцоўцы біятлоннага комплексу «Сож».
Праграма абласных спаборніцтваў была насычаная: забег на 800 метраў, эстафетныя гонкі на 2600 і 3200 метраў, масавы забег.
На старт выйшлі прадстаўнікі ўлады, каманды працоўных калектываў і ўсе жадаючыя.
– Сённяшні дзень аб'ядноўвае ўсіх, хто вядзе здаровы лад жыцця, рыхтуе спартсменаў, робіць усё для развіцця масавых відаў у рэгіёне, – прывітаў удзельнікаў спаборніцтваў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. – Самае галоўнае, што мы на гэтым свяце збіраемся сем'ямі, сустракаемся з калегамі, праводзім час на свежым паветры пры добрым надвор'і.
У вобласці робіцца ўсё, каб спорт стаў даступным для дарослых і дзяцей, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, а кожны чацвёрты жыхар вобласці займаецца рознымі відамі, у год праводзіцца больш за тры тысячы розных спаборніцтваў і святаў. На Гомельшчыне ўкладаюць сродкі ў матэрыяльна-тэхнічную базу, заахвочваюць прызёраў міжнародных спаборніцтваў. Басейн у Гомелі, Лядовы палац у Светлагорску, некалькі футбольных палёў у раёнах – у гэтым годзе з'явяцца новыя аб'екты.
Галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксей Скуркоўскі расказаў, што траса падрыхтавана для ўдзельнікаў усіх узростаў і з рознай падрыхтоўкай:
– Лыжня стане першым этапам круглагадовай спартакіяды сярод кіруючых работнікаў органаў выканаўчай улады. Надвор'е спрыяе правядзенню свята. Каля 300 чалавек выйдуць на старт сёння. Усім поспехаў. Любіце спорт і імкніцеся да здаровага ладу жыцця!
Пераможцам эстафеты на 2600 метраў стала каманда Гомельскага аблвыканкама, на другім месцы – Светлагорскі райвыканкам, на трэцім – Гомельскі гарвыканкам.
Для гледачоў арганізатары таксама падрыхтавалі сюрпрызы: канцэртная праграма, конкурсы з падарункамі, выстава тэхнікі МНС, выязны гандаль, палявая кухня.









































