Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Завяршаецца будаўніцтва Дома дзіцячай творчасці ў Калінкавічах

13.12.2024
Будаўніцтва Дома дзіцячай творчасці ў Калінкавічах знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Былы будынак пашпартнага стала доўгі час не эксплуатаваўся, некалькі гадоў быў закансерваваны. У 2023 годзе актуалізавалі праектна-каштарысную дакументацыю, у 2024 годзе з абласнога бюджэту былі выдзелены сродкі на завяршэнне работ.

– На сённяшні дзень наш дом творчасці знаходзіцца ў больш сціснутых умовах. Разумеючы сацыяльную значнасць установы, правялі комплекс работ у новым будынку. У бягучым месяцы ўвядзем у эксплуатацыю, – пазначыў тэрміны старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Павел Сілівончык.

У ліпені будаўнікі пачалі работы ў Доме дзіцячай творчасці ў Калінкавічах. За гэты час уцеплены фасад, заменены дах, вокны і дзверы, сістэма ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі. У будынку з'явілася сістэма дымавыдалення, вентыляцыі, пажарнай сігналізацыі, створана безбар'ернае асяроддзе. 

Добраўпарадкавана і прылеглая тэрыторыя, устаноўлены спартыўная і дзіцячая пляцоўкі. Унутранае ўладкаванне таксама абнавілася: закуплена сучасныя абсталяванне і мэбля. Працуюць на аб'екце каля ста чалавек, усе матэрыялы – беларускай вытворчасці. 

– Унутры засталіся толькі аддзелачныя работы: кладка пліткі, афарбоўка сцен. Ідзе падрыхтоўка да ўстаноўкі тэхнічнага абсталявання: інтэрактыўных панэляў, экранаў, тэлевізараў, – расказала дырэктар Мазырскай ПМК нумар 105 Ніна Кавалёва.

У новым будынку Дома дзіцячай творчасці ў Калінкавічах з'явяцца клас вучэбна-вылічальнай тэхнікі, лабараторыя праграміравання, студыя гуказапісу, майстэрні акварэльнага жывапісу, дрэва- і металаапрацоўкі.

Аднамаментна аб'ект будзе прымаць больш за 120 дзяцей. Да гэтага заняткі праходзілі ў некалькіх установах адукацыі, зараз усе яны пераедуць пад адзін дах. Гэта падарунак для ўсёй сістэмы адукацыі. 

– Усяго ў раёне навучаецца звыш 6,5 тысячы дзяцей, палова з іх будзе наведваць гурткі ў розных клубных аб'яднаннях і секцыях. Калінкавічы – горад з вялікімі традыцыямі па пазашкольнай працы. Дом творчасці стане ядром засяроджвання, дзякуючы чаму мы зможам лепш паказваць сябе на рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў.


К СПИСКУ НОВОСТЕЙ