Грамадства
За дзевяць месяцаў гэтага года больш як 20 тысячам пацыентаў аказалі дапамогу ў гомельскіх стацыянарах дзённага знаходжання
24.10.2023

Установы аховы здароўя абласнога цэнтра настроены на тое, каб забяспечыць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі. На гэтым зрабіў акцэнт падчас чарговага пасяджэння Гомельскага гарвыканкама галоўны ўрач Гомельскай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклінікі Алег Ядранцаў.
Адзін з важных напрамкаў развіцця медыцыны – развіццё сеткі дзённых стацыянараў. У гарадскіх паліклініках 386 ложкаў дзённага знаходжання, апрача гэтага ў стацыянарах яшчэ 76. Усяго за дзевяць месяцаў у стацыянарах дзённага знаходжання аказана дапамога больш як 20 тысячам пацыентаў.
Шырока прымяняецца хірургія аднаго дня. За справаздачны перыяд у амбулаторных умовах выканана больш за 11 тысяч аператыўных умяшанняў. Таксама пачалі шырока ўкараняць іх у афтальмалогіі: толькі ў трэцім квартале праведзена больш за 800 амбулаторных аперацый.
Робяць упор і на ранняе выяўленне злаякасных новаўтварэнняў. У гэтым напрамку ёсць поспехі: за дзевяць месяцаў паказчык склаў 74%, што вышэй за сярэдняе значэнне па вобласці.
Сёлета нарадзілася дзяцей менш, чым летась, – 6,5 на тысячу насельніцтва. Затое вядзецца актыўнае перадабортнае кансультаванне, якое дазволіла захаваць 376 першасна непажаданых цяжарнасцей. Дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню працэдуры ЭКА, на свет з'явіліся 16 дзяцей. Стала менш бясплодных пар: зняты з уліку з нагоды цяжарнасці 186 сем'яў.
Адзначана зніжэнне агульнай смяротнасці па горадзе – 7,1 выпадку на тысячу насельніцтва, у той час як у мінулым годзе было 8,5. Таксама ўдзялялі пільную ўвагу прафілактыцы туберкулёзу, ВІЧ, сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў падкрэсліў: кіраўнік дзяржавы паставіў задачу навесці парадак і дысцыпліну ў рабоце сістэмы аховы здароўя, яе матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадраў. Таму будуць выпрацаваны асноўныя напрамкі, якія дапамогуць улічыць памылкі і заўвагі, адрасаваныя маніторынгавай групай Беларусі. Напрыклад, трэба праводзіць больш інфармацыйнай і тлумачальнай работы з насельніцтвам на тэмы дыспансерызацыі, здаровага ладу жыцця, імунізацыі ад каранавіруснай інфекцыі і грыпу.