Грамадства
З падарункамі і добрымі пажаданнямі: абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці"
21.12.2023

Зараз у абласной дзіцячай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі знаходзяцца 80 дзяцей рознага узросту. Павіншаваць іх з надыходзячымі навагоднімі святамі прыехалі члены БСЖ.
А валанцёры Гомельскага медкаледжа, якія ўжо не першы год прыязджаюць з выступленнямі ў гэтую медустанову, падрыхтавалі для дзяцей прадстаўленне, акунуўшы іх у навагоднюю казку.
– Мы павіншавалі дзяцей, уручылі салодкія падарункі і пажадалі дабрабыту, міру ў нашай рэспубліцы і самае галоўнае – здаровай будучыні, – адзначыла кіраўнік спраў аблвыканкама, старшыня абласной арганізацыі БСЖ Алена Клічкоўская. – Ва ўсіх раёнах вобласці мы будзем прымаць самы актыўны ўдзел у акцыі «Нашы дзеці». Больш за 1,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак атрымаюць ад нас салодкія падарункі. Таксама мы збіраем адзенне, прадукты харчавання, усё неабходнае, што прынясе дашкалятам і школьнікам радасць. Члены БСЖ, а іх у рэгіёне 17,5 тысячы, наведаюць дзіцячыя бальніцы, прыйдуць у дамы да шматдзетных маці, да дзяцей-інвалідаў, да ўсіх, хто мае патрэбу ў нашай увазе і клопаце.