Грамадства
З якімі пытаннямі звярнуліся жыхары Гомельскай вобласці на суботнюю тэлефонную лінію
11.11.2023

Да першага намесніка старшыні аблвыканкама Дзмітрыя Петражыцкага датэлефанаваліся 24 жыхары рэгіёну. Тэматыка зваротаў была разнастайнай, шырокай геаграфія званкоў, шмат прагучала бытавых пытанняў.
Гамяльчанін Міхаіл Іванавіч не знайшоў у продажы свіных капытоў і вырашыў паведаміць пра гэта ў аблвыканкам. Падставай для званка Кацярыны Міхайлаўны з гарпасёлка Камарын Брагінскага раёна стала з'яўленне ліс у населеным пункце. Марыя Дзмітрыеўна з аграгарадка Кашэвічы Петрыкаўскага раёна прасіла пашырыць асартымент прамысловых і рытуальных тавараў у комплексна-прыёмным пункце, наракала, што труну купіць у вёсцы няма дзе.
Міхаіл Захаравіч з Гомеля ў сэрцах агучыў сваю праблему – холадна ў доме. Безвынікова б'ецца як рыба аб лёд, звяртаецца ў ЖКГ, але штогод з пачаткам ацяпляльнага сезона сітуацыя паўтараецца. Гамяльчанін Сяргей Адамавіч расказаў, што ў аграгарадку Крупец Добрушскага раёна па вуліцы Калгаснай каля месяца няспраўная калонка на тэрыторыі агульнага карыстання, пажылым людзям даводзіцца далёка хадзіць па ваду, прасіў дапамагчы вырашыць пытанне.
Людміла Аляксандраўна і Аляксандр Гаўрылавіч занепакоеныя закрыццём магазіна ў Жгунскай Будзе Добрушскага раёна. Аўтакрама прыязджае, але раскладам і маршрутам людзі незадаволеныя. Акрамя таго, жанчына агучыла тэму ўборкі на могілках векавых аварыйных соснаў, якія пры падзенні могуць прынесці матэрыяльную шкоду.
Магчымасцю асабіста пагутарыць з Дзмітрыем Петражыцкім скарысталася Алена Іванаўна, якая расказала аб адсутнасці ацяплення ў Старабеліцкім ФАПе, што дастаўляе нязручнасці медработнікам і жыхарам. Падстава для званка Алены Раманаўны і Тамары Іванаўны з пасёлка Камунар Буда-Кашалёўскага раёна – адсутнасць ужо на працягу трох тыдняў гарачай вады ў іх доме. Звароты ў ЖКГ і райвыканкам выніку не далі, людзі занепакоеныя.
Кожнага, хто звярнуўся, уважліва выслухалі. Усе атрымалі тлумачэнні, а пытанні, якія патрабуюць дэталёвага аналізу, узяты на кантроль.