Грамадства
Вынікі працы за мінулы год падвялі на калегіі УУС Гомельскага аблвыканкама
24.01.2024

У 2023 годзе падраздзяленні з усімі задачамі справіліся ў поўным аб'ёме, канстатаваў часова выконваючы абавязкі па пасадзе міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Назаранка.
Падкрэслена, што не дапушчаны рост забойстваў, нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванняў, крадзяжоў і хуліганства. Назіралася толькі невялікае павелічэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Колькасць загінулых у аварыях людзей знізілася.
Таму ў новым годзе асаблівую ўвагу нададуць прафілактыцы махлярства, дарожна-транспартных здарэнняў, прыярытэтным напрамкам у рабоце міліцыі стане таксама абарона непаўналетніх, пажылых і адзінока пражываючых грамадзян.
– Упэўнены, што і ў 2024 годзе гомельская міліцыя справіцца з пастаўленымі задачамі ў поўным аб'ёме. Зараз праводзіцца велізарны комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да электаральнай кампаніі: разлічылі сілы і сродкі, практычна кожны выбарчы ўчастак узяты пад відэаназіранне, у студзені – лютым будзем трэніраваць асабісты састаў – пералічыў планы Юрый Назаранка.
Аб рабоце за апошнія дванаццаць месяцаў даў справаздачу начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла.
У мінулым годзе на 8,6% знізілася агульная колькасць злачынстваў. Узрасла выніковасць вызначэння асоб, якія здзяйсняюць кіберзлачынствы. Устаноўлены падазроныя па ўсіх наўмысных забойствах, прычыненнях цяжкіх цялесных пашкоджанняў і згвалтаваннях. Паказчык ўстанаўлення месцаў знаходжання злачынцаў, без вестак зніклых і абвешчаных у пошук адзін з лепшых у рэспубліцы.
Выяўлены 105 актыўных удзельнікаў інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў і псіхатропаў, з нелегальнага абароту канфіскавана каля 63 кілаграмаў наркатычных сродкаў. За апошнія пяць гадоў у нашым рэгіёне лепшы паказчык у краіне па спыненні каналаў паступлення наркатычных сродкаў.
Не забываюць ва УУС і дзякаваць жыхарам рэгіёна, якія дапамагаюць праваахоўнікам. Улетку заахвоцілі механізатара з Лоеўскага раёна, які знайшоў хуліганаў, якія абакралі пенсіянерку. Падзяку атрымаў і майстар вытворчага навучання аднаго з каледжаў, які не дазволіў свайму вучню стаць кур'ерам наркамаркета.
Работу па нераскрытых справах мінулых гадоў адзначыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Напрыклад, учыненае 12 гадоў таму злачынства ў Ельску было закрыта ў мінулым годзе. У Рэчыцы ўдалося даказаць віну злачынца праз 22 гады пасля здзяйснення забойства.
Кіраўнік рэгіёна таксама падзякаваў міліцыі вобласці за аздараўленне аператыўнай абстаноўкі ў грамадскіх месцах.
– Нашы людзі спакойна ідуць адпачываць, ведаючы, што парадак забяспечаны. Не раз асабіста чуў дзякуй у адрас міліцыянераў, у тым ліку ад спартсменаў і балельшчыкаў II Гульняў краін СНД, – адзначыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко ўзнагародзіў супрацоўнікаў за дасягненне высокіх паказчыкаў у службовай дзейнасці.
Самым важным аспектам у рабоце органаў унутраных спраў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў назваў узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады:
– У кожнага свае функцыі і паўнамоцтвы. Аднак усе мы імкнемся да адной мэты – захавання незалежнасці краіны, забеспячэння дабрабыту грамадзян.
Участковыя інспектары адыгрываюць вялікую ролю ў забеспячэнні парадку. Каб іх выхаваць, Юрый Горлаў прапанаваў пачаць гадаваць міліцыянераў са школы ў спецыялізаваных класах.