Грамадства
VI форум клубаў маладых сямей Гомельскай вобласці праходзіць сёння ў Жлобіне
01.12.2023
У фокусе ўвагі ўдзельнікаў самыя розныя тэмы: ад дзяржпадтрымкі маладых сямей да выхаду з канфліктных сітуацый. У цэлым запрашэнне на форум атрымалі каля паўсотні кіраўнікоў і членаў клубаў маладых сямей з усёй вобласці, а ўзначаліў яго начальнік аддзела маладзёжнай палітыкі камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Павел Радчанка.
У першай частцы мерапрыемства запланавана знаёмства з экспазіцыямі Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, экскурсія на Беларускі металургічны завод. Пагутарыць са спецыялістамі з розных сфер, падзяліцца вопытам работы клубаў маладых сямей удзельнікі змогуць у рамках круглага стала. У якасці спікераў выступяць намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Вера Агеева, старшы выкладчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кіраўнік Клуба маладой сям'і ўніверсітэта Ганна Ярашэвіч і ўрач-траўматолаг Жлобінскай ЦРБ, член клуба маладых сямей «Маладая Беларусь» Кірыл Жлоба.
– Мы заўсёды імкнемся прадумаць для ўдзельнікаў форуму цікавую і насычаную праграму, куды ўваходзяць і экскурсіі, і сустрэчы з экспертамі па розных кірунках, і дыялогавыя пляцоўкі, у рамках якіх кіраўнікі і члены клубаў маладых сямей дзеляцца вопытам, сваімі лепшымі напрацоўкамі. Усяго ў вобласці на базе сельскіх дамоў культуры, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гарадскіх і раённых дамоў культуры дзейнічае больш за 70 клубаў маладых сямей, якія налічваюць каля 450 удзельнікаў да 31 года, – расказаў Павел Рыгоравіч.
Спецыяліст па рабоце з моладдзю ААТ «Гомельшкло», кіраўнік клуба «Домовёнок» Ірына Громава і майстар гасучастку, член клуба Кацярына Паўленка:
– Мы штоквартальна, а часам і часцей збіраем членаў нашага клуба на базе прадпрыемства, выязджаем на турзлёты, праводзім спартыўна-масавыя мерапры-емствы. І заўсёды імкнемся рабіць гэта з дзецьмі. Ведаеце, мы весела і цікава праводзім час у нефармальнай абстаноўцы, да таго ж сумесны адпачынак вельмі сплачвае сям'і. Я ўдзельнічаю ў падобным форуме другі раз, а мая калега Кацярына – упершыню. Настроены максімальна зарадзіцца новымі ведамі, вопытам, які плану-ем прымяніць не толькі ў рабоце, але і для сябе асабіста, бо кожная з нас яшчэ і маці.
Пасля форуму ўдзельнікі адправяцца ў Палац металургаў, дзе ў 16.00 адбудзецца за-ключны этап абласнога конкурсу "Лепшая маладая сям'я Гомельшчыны – 2023". Дарэчы, у фінале за тытул «Лепшая маладая сям'я» будуць змагацца сем сямей з Новабеліцкага раёна Гомеля, Жлобінскага, Светлагорскага, Буда-Кашалёўскага, Рэчыцкага, Хойніцкага і Добрушскага раёнаў.