Унікальны манумент, абноўлены танк, Алея Зорак: плошча Паўстання ў Гомелі адкрыта пасля рэканструкцыі

Напярэдадні Дня Незалежнасці пасля рэканструкцыі ў Гомелі адкрылі плошчу Паўстання, на месцы якой у 1941–1943 гадах размяшчаўся Цэнтральны перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных «Дулаг-121». За два гады ў лагеры фашысты знішчылі больш за 100 тысяч чалавек, частку з іх пахавалі тут.
Рамонтныя
работы пачалі летась, тэрыторыю поўнасцю абнавілі. Цяпер плошча Паўстання і два
скверы – каля фабрыкі "8 Сакавіка" і цырка – выкананы ў адзіным
стылі. Парковачных месцаў
стала менш у два разы, прастору, якая вызвалілася, заняла тратуарная плітка, у яе ўманціравалі свяцільні. Каля падножжа танка Т-34,
які пасля рэстаўрацыі вярнуўся на пастамент, аформілі клумбу. Архітэктурнае
падсвятленне падкрэслівае моц баявой машыны, а ў цэнтры пастамента, куды будуць
ускладацца кветкі, выява ордэна Айчыны.
Па перыметры плошчы і ў скверах
устаноўлены лаўкі, з'явілася Алея Зорак, высаджаны чырвоныя клёны. Адной з
цэнтральных частак абноўленай тэрыторыі стаў помнік ахвярам генацыду
беларускага народа "Дрэва жыцця". Гэта першы такі мемарыял,
устаноўлены ў Беларусі па ініцыятыве работнікаў пракуратуры. Амаль трохмятровую
бронзавую скульптуру стварылі майстры Іван Казак і Валерый Рыбакоў. Па іх
задуме, чалавечыя рукі вырываюцца з зямлі. Пасля Гомеля "Дрэвы жыцця"
з'явяцца ва ўсіх абласных гарадах рэспублікі.
– Такі ўнікальны народны сімвал будзе
ўсталяваны ў кожным абласным цэнтры. У Гомелі мы зрабілі гэта першымі.
Папярэдне сумесна з жыхарамі рэгіёна вызначылі месца ўстаноўкі помніка і
сумеснымі намаганнямі адрэстаўравалі плошчу Паўстання. Устаноўка гэтага знака –
чарговы этап у крымінальнай справе Генеральнай пракуратуры ў рамках
крымінальнай справы аб фактах учынення нацыстамі злачынстваў генацыду мірнага
насельніцтва ў нашай рэспубліцы, – падкрэсліў Іван Крупко падчас адкрыцця.
Кіраўнік рэгіёна ўручыў юбілейны знак
"80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў" намесніку Генеральнага пракурора Генадзю Дыско.
– Найважнейшае гістарычнае мерапрыемства
па ўшанаванні памяці, задача якога паказаць моладзі, якім коштам была
заваяваная Перамога. Шануйце мірнае неба над галавой. Пакуль мы захоўваем нашу
гісторыю, будзем жыць і далей у спакойным грамадстве з верай у заўтрашні дзень,
– канстатаваў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў.
Удзельнікі мітынгу заклалі ў падмурак
помніка капсулу з падзякай Героям Перамогі і пасланнем нашчадкам: берагчы праўду
і памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.