У Нароўлі адзначылі 80-ю гадавіну вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

30 лістапада 1943 года – знамянальная дата для Нараўлянскага раёна. У гэты дзень 415-я стралковая дывізія 61-й арміі Беларускага фронту і 27-я Нараўлянская партызанская брыгада імя С.М. Кірава цаною каласальных страт вызвалілі раён ад гнёту «карычневай чумы», піша раённая газета «Прыпяцкая праўда».
У 80-ю гадавіну вызвалення Нараўлянскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыўся шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных памятнай даце.
У райцэнтры адбыўся ўрачысты мітынг. У гарадскім парку да брацкай магілы савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў усклалі кветкі прадстаўнікі абласной і мясцовай улады, сілавых структур, грамадскіх і моладзёжных арганізацый, жыхары горада. Удзел ва ўрачыстым мітынгу прыняў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.
На грамадзянскіх могілках па вуліцы Маладзёжнай, на брацкай магі-ле па вуліцы Дзяржынскага, на месцы базіравання 27-й партызанскай бры-гады імя С.М. Кірава ўшанавалі памяць бязвінных ахвяр фашызму.
Цёплыя словы віншавання з вялікім святам людзям, у якіх засталіся ў памяці жудасныя падзеі, сведкамі якіх яны сталі ў дзяцінстве, адрасавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Таццяна Дваракоўская і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Вішнеўская.
У рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі "На шляху да Пабе-ды" у адпаведнасці з храналогіяй вызвалення гарадоў і раёнаў, Нароўля перадала Ельску копію Сцяга Перамогі. Сімвалічны чырвоны сцяг старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Антоненка ўручыў старшыні Ельскага райвыканкама Віктару Замосціку. Акцыя стартавала 23 верасня ў пасёлку Камарын Брагінскага раёна, завершыцца ў ліпені 2024 года ў Жыткавіцкім раёне.
Подзвіг, які назаўсёды застанецца ў сэрцах людзей, ушанавалі хвілінай маўчання. Да падножжаў манументаў усклалі кошыкі з кветкамі. У памяці няма тэрміну даўнасці, асабліва ў дачыненні да тых дат і падзей, якія выпакутаваны мільёнамі людзей. Яны і сёння адгукаюцца болем у лёсах многіх пакаленняў і нагадваюць пра сябе воінскімі пахаваннямі і брацкімі магіламі.