Грамадства
У Гомелі завяршыўся абласны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў "ТэхнаІнтэлект"
01.02.2024

120 удзельнікаў змагаліся за перамогу ў шасці секцыях.
– У гэтым годзе «ТэхнаІнтэлект» адзначае юбілей – спаборніцтва праходзіць у дваццаць пяты раз. Гомельшчына была першай вобласцю, якая стала актыўна займацца развіццём дзяцей, таленавітых у тэхнічнай сферы, – адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Кавалёва.
Дзяніс Жалезнякоў з гомельскай сярэдняй школы № 27 стварыў макет рабатызаванага маніпулятара, які прымяняецца ў лагістыцы, прамысловасці і медыцыне. Прылада імітуе рухі рук чалавека, з яго дапамогай можна перасоўваць прадметы.
Навучэнец сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В. В. Гузава Святаслаў Антусаў даведаўся, што кіраўнік яго праекта займаецца пчалярствам. Святаслаў пачаў цікавіцца праблемамі галіны, разважаць, як можна яе мадэрнізаваць. На конкурсе малады чалавек прадставіў прыладу для вымання пяргі (пылку, сабранага пчоламі) з васковых сотаў:
– Пярга – біялагічнае рэчыва, спартсмены выкарыстоўваюць яе як легальны допінг. Яна змяшчае шмат вітамінаў, амінакіслот, ферменты, умацоўвае імунітэт, засцерагае нервовую сістэму.
Вынаходка Святаслава дапамагае здабываць пяргу аўтаматычна, трэба толькі пакласці ва ўстройства невялікую частку сотаў.
Яраслаў Глушэц з СШ № 10 Светлагорска імя С. Л. Краснапёрава распрацаваў рабатызаваны комплекс «Аўтапасадчык». Прыбор, які кіруецца дыстанцыйна, сам выкопвае лунку, апускае туды неабходную культуру і закопвае.
Журы па заслугах ацаніла юных наватараў. Дыпломамі пераможцаў і прызёраў адзначаны трыццаць рабят.
У секцыі "Тэхнічнае канструяванне і мадэляванне" лепшым стаў Міхаіл Гузанаў з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна. Сярод удзельнікаў, якія абаранялі праекты па радыёэлектроніцы, электратэхніцы і энергетыцы, першым прызналі Міхаіла Цімашэнку з сярэдняй школы № 40 Гомеля.
Вучань СШ № 1 абласнога цэнтра Данііл Бандзюк заваяваў дыплом I ступені ў секцыі "Мультымедыйныя тэхналогіі". У намінацыі "Навуковыя даследаванні і эксперымент, астраномія" перамогу атрымала навучэнка СШ № 10 Светлагорска імя С. Л. Краснапёрава Вікторыя Брокар. Дзяніс Філон з Рэчыцкага раённага ліцэя лепшы ў інфарматыцы і праграміраванні, вылічальнай тэхніцы. У секцыі "Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы" лідарам аказаўся Арцём Сянько з СШ № 59 Гомеля.