Грамадства
У Гомелі праходзіць VI абласны злёт юных журналістаў і блогераў
24.12.2024

Карэспандэнты і блогеры з усіх куткоў рэгіёна сабраліся ў тэлерадыёкампаніі «Гомель».
Злёт пачаўся з урачыстага моманту – узнагароджання пераможцаў абласнога конкурсу, які праводзіўся ў дзвюх намінацыях: "Журналістыка" і "Блогасфера".
Лепшымі юнымі журналістамі сталі навучэнка гімназіі гарадскога пасёлка Карма імя М. А. Міхайлашава Альбіна Ляшчанок і вучаніца сярэдняй школы № 12 Светлагорска імя І. Р. Катлярова Аліна Мітраховіч. У сваіх узроставых групах лепшымі блогерамі прызнаны навучэнец гомельскай СШ № 59 Іван Калеснік і педагог-арганізатар сярэдняй школы №1 Мазыра Аляксандр Аляксандровіч.
– Прафесія журналіста вельмі няпростая – эмацыйная, адказная, але неверагодна цікавая. Важна спрабаваць свае сілы, каб вызначыць, ці падыходзіць вам гэтая сфера. Калі так, то праца па душы прынясе шчасце. Але нават калі не станеце прафесіяналамі, атрыманы досвед і зносіны сапраўды дапамогуць на жыццёвым шляху, – звярнуўся да моладзі галоўны рэдактар газеты «Гомельская праўда», старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Сяргей Бяспалы.
Са словамі на дарогу таксама выступіў дырэктар тэлерадыёкампаніі «Гомель» Аляксандр Дабрыян.
Малады чалавек вядзе педагагічны блог. Па словах пераможцы, першае відэа папрасілі зняць вучні на конкурс, паступова старонка ў сацыяльных сетках развівалася. прапануюць выкладчыку ідэі. Да іх з задавальненнем далучаюцца і бацькі.
Пасля журналісты тэлерадыёкампаніі арганізавалі для дзяцей майстар-клас.
Таксама ўдзельнікаў чакаюць экскурсіі па кандытарскай фабрыцы "Спартак", Музеі гісторыі друку і фатаграфіі, наведванне галоўнай навагодняй ёлкі і рэзідэнцыі Дзеда Мароза. У праграме таксама майстар-класы па стральбе з лука і конным спорце ад трэнераў абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па прыкладных відах спорту. Абмяняцца меркаваннямі юнакі і дзяўчаты змогуць у рамках круглага стала "Моладзь у сферы медыя. Майстэрня ідэй".