Грамадства
У Гомелі прайшло выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі
22.07.2025

Тэма – звароты грамадзян і юрыдычных асоб на Гомельшчыне. Работу пасяджэння ўзначаліла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава.
Удзел у пасяджэнні прынялі губернатар Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.
Як падкрэсліла Наталля Качанава, работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Гомельскай вобласці выбудавана на сістэмным, дастаткова высокім узроўні. Пра гэта сведчыць і колькасць зваротаў жыхароў у розныя інстанцыі: на Гомельшчыне яно найменшае ў маштабах рэспублікі. Колькасць зваротаў у Савет Рэспублікі з нашай вобласці засталася на ранейшым узроўні. Часцей за ўсё пішуць з Гомеля, Брагінскага, Добрушскага, Мазырскага раёнаў. Найменшая колькасць скаргаў – у Хойніцкім, Чачэрскім, Нараўлянскім раёнах. Асноўныя тэмы не мяняюцца з году ў год, гэта праблемы ЖКГ, будаўніцтва жылля, землекарыстанне.
Зроблена сапраўды многае, адзначыла Наталля Іванаўна, але тэма зваротаў заўсёды будзе актуальнай. «Не нашых» пытанняў у прадстаўнікоў улады быць не павінна, людзей нельга крыўдзіць, іх важна слухаць і чуць», – адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
На пасяджэнні прывялі прыклады аператыўнага рэагавання органаў улады на скаргі жыхароў Гомельшчыны, у тым ліку калектыўныя. У Кармянскім раёне дапамаглі з арганізацыяй аўтобусных маршрутаў. У цэлым шэрагу раёнаў абнавілі прыпыначныя пункты. У фазе выканання звароты грамадзян з нагоды газіфікацыі населеных пунктаў у глыбінцы, бурэння артэзіянскіх свідравін.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко адзначыў, што апошнім часам расце колькасць зваротаў, звязаных з добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый у гарадах. Падрабязныя планы правядзення гэтых работ складзены, тэрміны пазначаны. Бюджэтныя сродкі выдзяляюцца, сітуацыю камунальныя і дарожныя службы будуць паступова і планамерна выпраўляць.
Была ацэнена практыка работы кабінета ў Гомельскім аблвыканкаме, дзе грамадзяне, якія прыйшлі не падчас прыёму, атрымліваюць кансультацыю і дапамогу. Гэты падыход абавязкова трэба распаўсюдзіць па ўсёй краіне, адзначыла Наталля Качанава.