Грамадства
У Гомелі пасля рэканструкцыі адкрыўся дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Крыштальны"
11.12.2024

Цэнтр адкрылі ў рамках навагодняй акцыі "Нашы дзеці" з удзелам старшыні аблвыканкама Івана Крупко, памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Горлава, міністра фінансаў Юрыя Селівёрстава, старшыні гарвыканкама Уладзіміра Прывалава.
Цяпер працуюць 12 груп, адначасова адпачываць у якіх могуць да 185 чалавек ад 3 да 7 гадоў. Прымаць цэнтр будзе дзяцей з усёй вобласці.
– Мы працуем на будучыню, а самыя важныя для нас укладанні, самыя эфектыўныя інвестыцыі – нашы дзеці, іх здароўе, развіццё, адукацыя, камфорт, – адзначыў Іван Крупко. – Сёння мы адкрываем новую, адзіную ў вобласці ўстанову, прызначаную для пражывання дашкалят без бацькоў, толькі ў суправаджэнні выхавальнікаў. Тут прадугледжана вялікая колькасць розных працэдур – ад басейна з мінеральнай вадой, цяпло-і гразелячэння да фізія- і спелеатэрапіі. Думаю, дзень нашых юных беларусаў будзе распісаны нават не па гадзінах, а па хвілінах.
Будаўнікі ўзвялі новы шматфункцыянальны корпус і адрамантавалі стары, прыбудаваўшы да яго трэці паверх, абнавілі харчаблок і сталовую, лабараторыі, адміністрацыйны блок. Выкарыстоўваліся выключна беларускія матэрыялы. Устаноўлены надзейны прапускны пункт.
Умовы набліжаны да дзіцячых садоў, прадугледжана ўсё неабходнае і для аслабленых дзяцей, дзяцей-калясачнікаў. У «Крыштальным» з'явіўся басейн з мінеральнай вадой, прагулачныя пляцоўкі з сучасным абсталяваннем, пакоі вольнага часу і гуртковай працы, цэнтр лега. Камплектацыя цалкам новая: мэбля, кампутарная тэхніка. Ёсць аздараўленчыя ванныя пакоі, фітабар, інгалятар, стаматалагічны і масажны кабінеты.
Плошча абноўленага цэнтра павялічылася прыкладна ў паўтара разы. Фінансавалася рэканструкцыя за кошт дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
– Цэнтр патрэбен нашым дзецям. Разам з кіраўніцтвам вобласці знайшлі варыянты, як зрабіць з гэтай установы сучасны аб'ект. Упэўнены, што адпачывальнікі будуць наведваць яго з задавальненнем, – падкрэсліў Юрый Селівёрстаў.
Губернатар і міністр фінансаў уручылі цэнтру сертыфікаты на 50 і 100 тысяч рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.