Грамадства
У Гомелі пасля капітальнага рамонту адкрылі Навабеліцкі пуцеправод
03.11.2023

Ва урачыстым адкрыцці прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, будаўнікі і члены працоўных калектываў.
Дзевяціпралётны 168-метровы пуцеправод па вуліцы Ільіча быў пабудаваны ў 1973 годзе, рэканструкцыя даўно неабходная – пешаходная зона паступова разбуралася, апоры патрабавалі ўзмацнення. Мадэрнізацыю правялі па графіку, без збояў і парушэнняў. Будаўнікі працавалі кругласутачна, таму справіліся на два месяцы раней. Яны ўстаранілі старыя элементы верхняй часткі – тратуар, асфальт, ахоўны пласт з сеткай, дэмантавалі агароджу і мачты асвятлення. Узмацнілі бэлькі, апоры, уладкавалі новыя маставыя палотны, парапеты і агароджы. Зараз уся сістэма пуцеправода аб'яднана ў неразразную: дзякуючы гэтаму вада не зможа прасочвацца на апорныя канструкцыі. Дэфармацыйныя швы вынеслі за межы аб'екта, зараз іх усяго два. Камфортна будзе не толькі аўтамабілістам, але і пешаходам: тратуар таксама зрабілі маналітным, ён стаў шырэй – 2 метры 25 сантыметраў. Асаблівую ўвагу надалі асвятленню і добраўпарадкаванню.
– Гэта важны інфраструктурны аб'ект для Гомеля, вобласці і ўсёй краіны. Яго рэканструкцыя завершана напярэдадні гадавіны Вялікага Кастрычніка, – адзначыў Максім Рыжанкоў. – Цяпер гэты мост злучае не толькі гараджан, якія пражываюць па абодва бакі ракі Сож, але і пакаленні розных эпох. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да сённяшняй падзеі. Было складана, але вы малайцы. Важна, што ўсё ўлічылі – сучасныя патрабаванні па бяспецы, безбар'ернае асяроддзе, апраўдалі і эстэтычныя чаканні – зрабілі прыгожае архітэктурнае асвятленне. Праект толькі малая частка маштабнай працы па будаўніцтве сучасных дарог і пуцеправодаў, удасканаленні транспартнай інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны.
На Гомельшчыне вядзецца планамерная работа ў гэтым напрамку, падкрэсліў Іван Крупко: Жыткавічы, Рагачоў, Ветка, Калінкавіцкі раён і абласны цэнтр. Да канца года плануюць завяршыць рамонт і рэканструкцыю яшчэ 21 маставога збудавання, ёсць зачын на 2024 год і планы на 2025-ы. Перспектыўныя аб'екты – цераз Прыпяць у Мазыры, цераз Сож у Ветцы і цераз Днепр у Рэчыцкім раёне.
– Масты – самая добрая вынаходка чалавецтва, бо яны заўсёды злучаюць. Вельмі рады, што традыцыя рабіць сацыяльна значныя падарункі да 7 лістапада захавалася. Для мяне гэта найперш свята міру і сацыяльнай роўнасці. І ўлады, і будаўнікі выдатна разумелі, якія цяжкасці ўзнікаюць падчас закрыцця пуцеправода, прапускная здольнасць якога больш за 32 тысячы машын у суткі. Дабірацца прыйшлося даўжэй, але ніводнага сур'ёзнага ДТЗ дапушчана не было. І гэта галоўнае, таму што прыярытэт дзяржавы – забеспячэнне поўнай бяспекі для людзей. Мяне ўражваюць якасныя параметры аб'екта, яго надзейнасць і бяспека ў эксплуатацыі, – пахваліў будаўнікоў Іван Крупко.
Дырэктар мостабудаўнічага ўпраўлення № 4 ААТ "Мостабуд" холдынга "Белаўтадор" Яўген Мачэча нагадаў, што капрамонт асноўнага пуцеправода змаглі пачаць толькі пасля рэканструкцыі малога, у раёне мясакамбіната. Цяпер транспартная развязка па вуліцы Ільіча пры ўездзе ў Навабеліцу адказвае сучасным патрабаванням, транспартная інфраструктура тут цалкам пераўладкавана.
– Мы ўжывалі матэрыялы, якія выпускаюцца ў Беларусі. Выкарыстоўвалі вялікагрузныя краны, індывідуальна вырабленыя дапаможныя прылады, што дазволіла скараціць тэрміны мадэрнізацыі. Праектная вартасць работ абодвух пуцеправодаў звыш 11 мільёнаў рублёў. Гарантыйны тэрмін – 25 гадоў, але мост можа праслужыць болей.
Электрагазазваршчык "Мостабудаўнічага ўпраўлення № 4" ААТ "Мостабуд" Сяргей Зелянкоў працаваў на рэканструкцыі Навабеліцкага пуцеправода з асаблівай адказнасцю:
– Рабіў як для сябе. Зараз будзе зручней ездзіць напрамую, не давядзецца дабірацца дадому ў аб'езд і ў заторах стаяць. Працавалі мы кругласутачна, вахтамі па 15 дзён, у першую і другую змену па 12 гадзін. Было цяжка, але ў выніку мы справіліся. Па рабоце гэта не самы складаны аб'ект, але і не просты. Аднак вопыт ёсць. Я, напрыклад, будаваў масты і пуцеправоды ў Рагачове, Бабовічах, Калінкавічах, Валожыне.
Таццяна Казлова, якая прыйшла на адкрыццё маста падтрымаць мужа – ён працаваў на аб'екце бетоншчыкам, радуецца адкрыццю пуцеправода:
– Тут ездзім на дачу ў Добруш. Усе гэтыя месяцы былі заторы, стаялі па сорак хвілін. А зараз будзе свабодна і хутка. Ганаруся мужам і ў якасці яго працы не сумняваюся. Дабірацца ў Навабеліцу стане значна прасцей.
Па абноўленай жалезабетоннай артэрыі рух грамадскага і асабістага транспарту пачаўся адразу пасля яго адкрыцця. Дарэчы, гамяльчан чакаюць некаторыя змены. Напрыклад, з 4 лістапада перастануць курсіраваць аўтобусы маршрутаў № 35 і 35а, 35б, 35в. Нагрузку забяруць на сябе тралейбусы маршрутаў № 5 і 5а, рух якіх падаўжаецца да мікрараёна Паўднёвы, з'явяцца таксама тралейбусы № 5б і 5в.