Грамадства
У Гомелі дадзены старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для пажылых людзей «Ад усёй душы»
04.01.2024

У грамадска-культурным цэнтры ў Гомелі было асабліва хвалююча і душэўна, бо менавіта тут сабраліся людзі залатога ўзросту з усяго рэгіёна.
У гэтыя навагоднія святочныя дні акцыя нагадвае, што людзі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, маюць патрэбу ў клопаце і ўвазе. Дзякуючы нашаму Прэзідэнту год таму ў краіне зарадзілася выдатная дабрачынная акцыя з цёплай назвай «Ад усёй душы», закліканая дарыць цяпло душы старэйшаму пакаленню. Сёння яна з добрай акцыяй «Нашы дзеці» ўпэўнена крочыць па краіне.
Ва ўрачыстасці, якая ў рэгіёне ў такім фармаце прайшла ўпершыню, прынялі ўдзел каля 60 чалавек элегантнага ўзросту, сярод іх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы і людзі, якія вядуць актыўны лад жыцця, прадстаўнікі абласной і гарадской вертыкалі ўлады, дэпутацкага корпуса, сілавога блока, грамадскіх арганізацый, духавенства.
З цёплымі словамі да прысутных звярнуўся губернатар вобласці Іван Крупко:
– Павага да старэйшых – гэта галоўны прынцып здаровага грамадства. Абавязак кожнага з нас клапаціцца пра сваіх блізкіх, быць з імі ў цёплых адносінах, рабіць усё, каб людзі сталага ўзросту не адчувалі сябе адзінокімі і заўсёды былі акружаны ўвагай. Нам вельмі патрэбны вашы мудрыя парады, бо за вашымі плячыма жыццёвы і прафесійны вопыт, стваральная праца на карысць нашай Радзімы.
Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы абласной арганізацыі РГА «Белая Русь». Свае музычныя віншаванні шчодра дарылі лепшыя творчыя калектывы Гомельшчыны.