Грамадства
У Гомелі адкрылі абноўлены будынак архівасховішча
12.03.2024

Выкарыстоўваць былы будынак "Белтэлекама" будзе Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці.
Неабходнасць пашырэння плошчаў з'явілася ў 2015 годзе, калі архіў Гомельскай вобласці прыпыніў камплектаванне з-за сваёй загружанасці. Тады ж ведамству перадалі аб'ект па вуліцы Косарава, 23.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аб'екта пасля рэканструкцыі прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Алег Воінаў.
– Народ, які не ведае, адкуль прыйшоў, не мае будучыні. Гомельшчына мае будучыню: гэты аб'ект быў задуманы ў Год гістарычнай памяці, у Год міру і стварэння рэалізаваны, у Год якасці адкрыты. Гісторыя вашай вобласці ведае факты найцяжэйшых выпрабаванняў і працы людзей, якія аднаўлялі рэгіён з руін. Сваю гісторыю мы захаваем разам, – падкрэсліў Сяргей Хаменка.
Ступень загружанасці архівасховішчаў вобласці складае больш за 114% ад праектнай магутнасці. У цяперашні час больш за 100 тысяч адзінак дакументаў знаходзяцца звыш устаноўленага заканадаўствам тэрміну. На плошчы больш за дзве тысячы квадратаў абноўленага будынка зараз можна размясціць больш за мільён архіўных спраў, што на некалькі дзясяткаў гадоў вырашыць пытанне з захоўваннем важных папер. Да гэтага яны захоўваліся ў раённых падраздзяленнях і арганізацыях.
– Як кожная сям'я захоўвае пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе, так і архівы ў залежнасці ад накірунку дзейнасці ўтрымліваюць дакументы практычна аб усіх фактах. Так, дзякуючы захаваным дакументам пракуратура вобласці выкрывае новыя факты ў справе аб генацыдзе беларускага народа. З адкрыццём новага будынка наша задакументаваная гісторыя будзе ўпарадкавана, – канстатаваў Іван Крупко.
Для забеспячэння бяспекі і камфортнай працы ўзмоцнены канструкцыі, зманціраваны сістэмы ацяплення і адрамантаваны фасад і дах.
Дарэчы, у архіве рэгіёна сёння налічваецца больш за 590 тысяч адзінак захоўвання.