Грамадства
У Гомелі адбыўся VI пленум савета абласнога аб'яднання прафсаюзаў
18.10.2023

На пасяджэнні падвялі вынікі і разгледзелі галоўныя задачы ў штодзённай працы прафсаюзных лідараў любога ўзроўню.
– Наша арганізацыя павінна ўлічваць не толькі сітуацыю ў краіне, але ў свеце, – адзначыў старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Пётр Кірычэнка. – Беларусь падвяргаецца націску, эканоміку спрабуюць задушыць санкцыямі, а ўнутрыпалітычную стабільнасць падарваць метадамі інфармацыйнай вайны. Насуперак усяму гэтаму на беларускай зямлі захоўваюцца мір і спакой. Аднак нікому не варта знаходзіцца ў паралізаваным стане і лічыць, што забеспячэнне стабільнасці задача выключна кіраўніцтва краіны.
Лідар прафсаюзаў вобласці дадаў: калі кожны будзе адказна ставіцца да працы, словам і справай падтрымліваць палітыку дзяржавы, абараняць гісторыю і нацыянальныя інтарэсы, мы зможам пераадолець любыя цяжкасці. Не варта спадзявацца, што спробы дэстабілізаваць краіну спыняцца самі сабой, наадварот, іх колькасць будзе павялічвацца праз націск на калектывы, таму абарона інтарэсаў працоўных для прафсаюзаў – задача дзяржаўнай важнасці.
– Прафкамы не павінны чакаць, пакуль нехта зверху даручыць ім нешта рабіць, павінны прысутнічаць ініцыятыва і жаданне працаваць на вынік сумесна з наймальнікам, – сказаў Пётр Кірычэнка. – Пры такіх падыходах прадпрыемствы будуць функцыянаваць устойліва, а людзі сацыяльна забяспечаны.
Занятасць, заработная плата, умовы працы – усё гэта тычыцца прафсаюзаў. Важнае пытанне – замацаванне кадраў. Адна з мер, якая садзейнічае недапушчэнню цякучасці, – удасканаленне калектыўных дагавораў, унясенне ў іх пунктаў, якія павышаюць матывацыю і пашыраюць сацыяльныя гарантыі. На Рагачоўскім МКК выдзяляецца беспрацэнтная пазыка на куплю або будаўніцтва дамоў і кватэр.
Актыўна абараняе інтарэсы грамадзян прававая інспекцыя. У гэтым годзе прававыя інспектары падрыхтавалі 79 дакументаў у судовыя органы. Дзякуючы юрыстам на ранейшыя месцы аднавілі шэсць чалавек, якіх звольнілі незаконна. Праводзіцца работа з наймальнікамі, заснаваная на мірным урэгуляванні канфліктаў, і такім чынам вырашана 37 спрэчак. Больш за 400 чалавек атрымалі тлумачэнні і дапамогу на прававых прафпрыёмах.
У цэнтры ўвагі – ахова працы: у прафсаюзаў ёсць усе магчымасці, каб працаваць на прафілактыку вытворчага траўматызму. І тут не павінна быць фармальных падыходаў.