Грамадства
У ГДТУ імя П. В. Сухога адкрылі спецыялізаваную навучальную аўдыторыю ААТ «ГЗЛіН»
18.06.2024

Ва ўрачыстай абстаноўцы чырвоную стужку перарэзалі кіраўнік спраў аблвыканкама Алена Клічкоўская, дырэктар ГЗЛіНа Андрэй Кузняцоў і рэктар палітэха Артур Пуцята.
– У жыцці ўніверсітэта гэта гістарычная падзея. Для таго каб прафесійныя навыкі будучых спецыялістаў былі на самым высокім узроўні, неабходна ствараць такія класы і лабараторыі, – адзначыла кіраўнік спраў аблвыканкама Алена Клічкоўская. – Хачу пажадаць студэнтам паспяховага асваення прафесіі, быць настойлівым у ажыццяўленні сваіх планаў і самае галоўнае – ганарыцца прадпрыемствамі Гомельшчыны разам з усёй Беларуссю.
Па словах дырэктара ГЗЛіНа Андрэя Кузняцова, інвесціраваць трэба ў першую чаргу ў кадры, бо нам неабходна перадаць краіну ў надзейныя рукі. А сённяшнія студэнты – гэта заўтрашнія кіраўнікі. І чым больш мы ў іх укладзем, тым лепшых спецыялістаў атрымаем.
У новай аўдыторыі размешчаны наглядныя дапаможнікі, ёсць мультымедыйная тэхніка і магутныя разліковыя камп'ютары са спецыяльным праграмным забеспячэннем. У класе будуць праходзіць лекцыйныя і практычныя заняткі, навукова-тэхнічныя семінары, абарона курсавых і дыпломных праектаў, прафарыентацыйныя мерапрыемствы са школьнікамі і абітурыентамі, а таксама сустрэчы са спецыялістамі і выкладчыкамі з іншых ВНУ.