Грамадства
У дзіцячым "Інапарку" абмеркавалі развіццё прафарыентацыі на Гомельшчыне
08.12.2023

Удзельнікамі педагагічнага форуму сталі спецыялісты, адказныя за арганізацыю работы інжынерна-тэхнічных цэнтраў, кіраўнікі раённых цэнтраў тэхнічнай творчасці. Да абмену вопытам далучыліся калегі з Гродна, расійскіх Бранска і Чэлябінска.
– Інжынерная адукацыя актуальная як ніколі, таму важна прыцягваць маладое пакаленне да праектнай дзейнасці, – адзначыла дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік. – Дапамогу ў гэтым могуць аказаць не толькі цікавыя заняткі, але і забеспячэнне іх крокавай даступнасці. Напрыклад, установы адукацыі, якія не маюць свайго STEAM-цэнтра, могуць кааперавацца з інжынерна-тэхнічнымі пляцоўкамі і ў дзве змены арганізоўваць адпаведныя заняткі і гурткі.
Педагогі абмеркавалі работу з таленавітымі дзецьмі, інжынерна-тэхнічныя цэнтры і праектную дзейнасць навучэнцаў. Асобна спыніліся на развіцці профільных груп інжынернай накіраванасці. У прыватнасці, трэба ўдасканальваць работу з навучэнцамі 9-х і 11-х класаў па гэтай спецыяльнасці, забяспечыць падбор вопытных спецыялістаў, якія будуць навучаць моладзь асновам прафесіі, і больш цесна супрацоўнічаць з установамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі.
У рамках форуму прайшоў фестываль праектнай дзейнасці JuniorFest. Свае распрацоўкі і праекты паказалі юнакі і дзяўчаты з усёй вобласці. Сярод іх Эльдар Герасенка і Марат Папуша. Маладыя інтэлектуалы распрацавалі патрыятычныя камп'ютарныя гульні, пры дапамозе якіх можна даведвацца аб цікавых фактах пра гарады Беларусі.