Грамадства
У адзіны дзень галасавання старшыня аблвыканкама Іван Крупко зрабіў выбар на карысць упэўненага заўтра Беларусі
25.02.2024

Сваім канстытуцыйным правам губернатар скарыстаўся на ўчастку для галасавання № 87 у Гомелі.
Гасцей тут сустракалі жывой музыкай, гандлёвымі кропкамі і выставай рамеснікаў. Моладзь з БРСМ вітала галасуючых і завязвала ім зялёна-чырвоныя стужкі як сімвал адзінства беларускага народа.
– Аддаў голас за нашу сучаснасць і будучыню. Выбары для мяне – надзейны мост ва ўпэўненае заўтра. Гэта планамерная работа, накіраваная на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і асобных рэгіёнаў: рэалізацыя сур'ёзных інвестпраектаў, будаўніцтва дашкольных устаноў і школ, аб'ектаў аховы здароўя. Калі ўсё робіцца своечасова, людзі гэта бачаць, – падкрэсліў губернатар.
Вывучаючы біяграфію кандыдатаў, Іван Крупко звяртаў увагу на тое, каб прэтэндэнт быў прафесіяналам у сваёй справе, ацэньваў яго ўклад у развіццё прадпрыемства і грамадства:
– Людзі павінны бачыць, што ён будзе адстойваць інтарэсы рэгіёна і краіны. Думаю, кожны, хто прыйшоў на выбарчы ўчастак, зрабіў выбар на карысць сваёй малой радзімы і Беларусі, яе ўпэўненай сучаснасці і будучыні.
Старшыня аблвыканкама павіншаваў упершыню галасуючых з важнай для іх падзеяй. Навучэнец Гомельскага медкаледжа Павел Дзегцяроў расказаў, што яго сям'я прымае ўдзел у кожнай электаральнай кампаніі, ад канстытуцыйнага права не адмаўляюцца. Малады чалавек падзякаваў за цёплы прыём на ўчастку:
– Прыемна, што так сустрэлі, падарылі пазітыўныя эмоцыі. Для мяне гэта адказнасць і гонар. Першы выбар зрабіў на карысць сваёй краіны, каб яна была лепшай і прыгажэйшай. У біяграфіі кандыдатаў глядзеў на тое, каб чалавек быў сапраўдным патрыётам і адстойваў ідэі працвітання Беларусі.
Усяго на 87-м участку па спісе зарэгістраваны 2983 выбаршчыкі, з іх 33 упершыню галасуючыя. Крыху больш за 45% прагаласавалі датэрмінова.