Грамадства
У аблвыканкаме створаны штаб па ліквідацыі наступстваў ураганнага ветру: усё больш населеных пунктаў рэгіёна ўжо са святлом
16.07.2024

Электраэнергія адноўлена ў Ельску, Нароўлі і яшчэ 82 населеных пунктах вобласці, ідзе паэтапнае падключэнне ў Калінкавічах. У Мазыры праводзяцца тэставыя ўключэнні. Інфармацыя прагучала падчас чарговага пасяджэння штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі.
Губернатар Іван Крупко заклікае не змяншаць тэмпы работы. Прымаць дапамогу з іншых абласцей, каб у максімальна сціснутыя тэрміны завяршыць рамонт электрасетак. Паводле інфармацыі РУП "Гомельэнерга", у бліжэйшы час прыбываюць дадатковыя брыгады з Мінска, Брэста, Гродна і Віцебска ў Жлобін, Мазыр, Рэчыцу.
Нягледзячы на прыкметныя тэмпы падключэння электраэнергіі, кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу на тое, што ўзятыя з-за межаў вобласці ў часовае карыстанне генератары павінны заставацца ў нас пакуль не будуць запушчаны асноўныя магістралі электразабеспячэння.
Губернатар таксама даў даручэнне праінспектыраваць работу гандлёвых кропак і аптэк у найбольш пацярпелых райцэнтрах:
– Людзі не павінны адчуваць перабояў у пастаўках прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў.