Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

У аблвыканкаме расказалі, як вяртаецца жыццё на паслячарнобыльскія землі

16.04.2024
Размова на прэс-канферэнцыі ішла аб сельскагаспадарчай дзейнасці на пацярпелых землях, а таксама аб захаванні і абнаўленні меліярацыйнага фонду.

З моманту катастрофы на ЧАЭС прайшло 38 гадоў, гэта даўжэй за перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю. Аднак, каб хаця б наблізіцца да складу глеб ўзроўню "да катастрофы" спатрэбіцца яшчэ не менш за пяць перыядаў. Гэта каля 150 гадоў.

Разам з тым у вобласці за дзесяцігоддзі ўдалося дакладна наладзіць работу па мінімізацыі радыеактыўнай пагрозы, яе нівеліравання ў гаспадарчай дзейнасці, у першую чаргу ў аграсектары. Штогод з бюджэту выдзяляюцца сур'ёзныя сумы на гэтыя задачы, рэалізуецца так званая чарнобыльская праграма. Большая частка сродкаў ідзе на ўнясенне ўгнаенняў. Гэта дазваляе замацаваць, "звязаць" радыенукліды ў зямлі, не даць ім патрапіць ва ўраджай, малако і мяса. Праводзіцца вапнаванне кіслых глеб. Фарміруецца структура пасяўных плошчаў з разбіўкай на культуры, якія больш і менш назапашваюць радыяцыю, падзелам зямель на ворныя і пад залужэнне. Дарэчы, больш назапашваюць рапс, лубін, гарох, пшаніца, у найменшай ступені – азімае жыта. Наймацнейшымі назапашвальнікамі з'яўляюцца лясныя ягады.

У жывёлагадоўлі таксама прывыклі працаваць зладжана і сістэмна. Паводле слоў начальніка ўпраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства аблсельгасхарча Алены Філіповіч, паказчыка вышэйшага за 18 бекерэляў на адзінку аб'ёму малака на Гомельшчыне не было шмат гадоў – усе пробы ў рамках дапушчальных значэнняў. Напрацаваны добры вопыт у падыходах да кармлення жывёл, прыёмкі малака ад гаспадарак. І так ва ўсіх раёнах.

У вобласці, да ведама, два чыстыя раёны – Кастрычніцкі і Петрыкаўскі. Нязначна забруджаны Лельчыцкі. Да самых забруджаных як і раней адносяцца Хойніцкі, Брагінскі, Нараўлянскі, Веткаўскі.

Другі найважнейшы напрамак – меліярацыя. Паўсюдна і круглы год праводзяцца мерапрыемствы па ачыстцы каналаў, высечцы драўняна-хмызняковай расліннасці. Акашваюцца таксама схілы каналаў. Вялікі пласт работы – тэхнічнае ўтрыманне меліярацыйных збудаванняў, камунікацый, рамонты, рэканструкцыя. Клопатаў галіне, безумоўна, дадала магутная паводка ў гэтым сезоне.

Стаўка робіцца менавіта на захаванне меліярацыйнага фонду, падтрыманне яго эфектыўнай работы. Але будуюцца і новыя аб'екты.

Пачынаючы з 1990-х у севазварот на Гомельшчыне вернута больш за 17 тысяч гектараў пацярпелых земляў. З іх на 8 тысячах можна займацца любымі відамі гаспадарчай дзейнасці. Пакінутыя плошчы выкарыстоўваюцца галоўным чынам для залужэння і наступнага вырошчвання кармавых культур. Павольна, але дакладна праца па адраджэнні нашай зямлі, пераадоленню наступстваў радыеактыўнага заражэння прыносіць плён.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ