Грамадства
У аблвыканкаме прашло выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
08.05.2024

Пасяджэнне правяла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Асноўная тэма – вынікі працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Гомельскай вобласці ў I квартале 2024 года.
У пасяджэнні прымалі удзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, старшыні Гомельскага гарадскога і раённых выканкамаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і рэгіянальных ведамстваў.
2 мая старшыня і члены Савета Рэспублікі правялі адзіны прыём грамадзян у Гомельскай вобласці. Вынікі падвяла Наталля Качанава:
– З апошняга прыёму два гады таму сітуацыя ў рэгіёне змянілася. Відаць, што ў вобласці праводзіцца сістэмная работа з людзьмі на месцах, іх пытанні паступова вырашаюцца.
З прапановамі, зваротамі і пытаннямі звярнуліся менш чалавек, чым звычайна.
– Практычна не было пытанняў, якія тычацца сацыяльнай сферы. Пераважала тэма ЖКГ, і асабліва людзей хвалюе рамонт дарог мясцовага значэння. З губернатарам мы абмеркавалі, што гэтыя пытанні будуць узяты на кантроль і вырашаны ў бліжэйшы час, тым больш для гэтага ўсё ёсць, – канстатавала Наталля Качанава.
Спікер падкрэсліла: устаноўка Прэзідэнта Беларусі – законы павінны ісці ад жыцця. Таму так важна сенатарам сустракацца з грамадзянамі, слухаць і чуць іх. Не заўсёды трэба прымаць кардынальныя рашэнні, часам дастаткова проста пагаварыць, праінфармаваць, што адбываецца ў рэгіёне, растлумачыць некаторыя пытанні.
Кіраўнік паўтарыла для калегаў асноўны тэзіс кожнага сенатара «Не нашых пытанняў для нас няма».