Грамадства
У аблвыканкаме абмеркавалі падрыхтоўку на Гомельшчыне сустрэчы прыгранічных абласцей «Славянскае адзінства»
17.06.2025

Маштабныя мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках сустрэчы брацкіх народаў Беларусі і Расіі, прымеркавалі да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Як заўважыў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, яшчэ ў 1995 годзе на рэферэндуме беларусы вызначылі правільны шлях інтэграцыі з Расіяй. Час ідзе, узаемаадносіны мацнеюць, а значыць, мацнее славянскае братэрства. 28 чэрвеня адбудзецца традыцыйная сустрэча прыгранічных абласцей «Славянскае адзінства». Гэта сімвал непарушнай сувязі нашых народаў, якая мае шматгадовую гісторыю. У бягучым годзе сустрэча будзе прысвечана Вялікай Перамозе. У рамках фестывалю з 26 па 29 чэрвеня пройдзе міжнародны маладзёжны форум «Дружба-2025», будзе арганізаваны міжнародны дзіцячы лагер «Крыніца славянскага сяброўства – 2025».
Адзначалася, што асноўныя мерапрыемствы адбудуцца ў Гомелі на плошчы Леніна, дзе размесціцца галоўная сцэнічная пляцоўка. Там жа запланаваны майстэрня рамёстваў «Горад майстроў», выстава дасягненняў прамысловасці «Прам-экспа». Маштабныя інтэрактыўныя лакацыі разгорнуцца на набярэжнай ракі Сож, а таксама ў цэнтральным парку і ў скверы Дружбы побач з Гомельскім медуніверсітэтам. На стадыёне «Прамень» у Савецкім раёне пройдуць спартыўныя спаборніцтвы ў рамках міжнароднай спартакіяды «Дружба-2025».
– Неабходна зрабіць усё, каб мерапрыемствы прайшлі арганізавана, выразна, цікава, – рэзюмаваў Дзмітрый Алейнікаў.
Арганізацыйны камітэт, куды ўвайшлі прадстаўнікі Гомельскай і Бранскай абласцей, працягнуў абмеркаванне актуальных пытанняў непасрэдна на пляцоўках, дзе былі расстаўлены акцэнты, вартыя асаблівай увагі.