Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Толькі аўталаўкамі не абыдземся: на пасяджэнні абласнога Савета дэпутатаў у Гомелі абмеркавалі стан гандлёвага абслугоўвання на вёсцы

29.09.2025
На пасяджэнні абласнога Савета дэпутатаў у Гомелі абмеркавалі стан гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і выкананне санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры прадастаўленні паслуг рознічнага гандлю ў сельскай мясцовасці. 

Пасяджэнне правяла член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, удзел прынялі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.

У Гомельскай вобласці ў сельскай мясцовасці працуе больш за дзве тысячы гандлёвых аб'ектаў, з іх палова – стацыянарныя магазіны. Абслугоўваннем ахоплены ўсе сельскія населеныя пункты. У вёскі, дзе жыве да 200 чалавек, абслугоўванне ажыццяўляюць аўтамагазіны. Асноўны аператар – абласное спажывецкае таварыства, у гэтай рабоце прымаюць удзел таксама рэспубліканскія гандлёвыя сеткі, індывідуальныя прадпрымальнікі, малы і сярэдні бізнес. 

Для пабудовы эфектыўнай сістэмы гандлёвага абслугоўвання ў кожным раёне на Гомельшчыне былі створаны рабочыя групы, якія праехалі ўсе сельскія населеныя пункты, абследаваны ўсе стацыянарныя крамы, а таксама большасць аўталавак. Акрамя таго, дэпутаты ўсіх узроўняў штотыдзень праводзяць маніторынг цэн і асартыменту тавараў.

Вынік – сістэма гандлёвага абслугоўвання ў рэгіёне выбудаваная, аднак яна патрабуе дапрацоўкі, падкрэсліла Кацярына Зянкевіч:

– Абследаванне выявіла адсутнасць вытворчага кантролю. Аднак усе пытанні вырашальныя. У рэгіёне дастаткова інструментаў для ўрэгулявання недахопаў. Цяпер райвыканкамам неабходна зацвердзіць план мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы з канкрэтнымі тэрмінамі».

Рэгулярна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база гандлёвых аб'ектаў на вёсцы. Для паляпшэння абслугоўвання насельніцтва ў Гомельскай вобласці працуе 208 аўтамагазінаў, 62 з іх – аблспажыўкааперацыі, 52 – «Белпошты», астатнія – прыватныя. На пастаяннай аснове за кошт дзяржпадтрымкі аўтапарк папаўняецца. 

Па выніках праверкі большасць магазінаў у сельскай мясцовасці знаходзіцца ў здавальняючым санітарным стане. У гэтым годзе асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню, актуалізаваны схемы вывазу адходаў. Праведзены рамонтныя работы амаль у ста аб'ектах, праводзіцца замена абсталявання. 

Губернатар падкрэсліў, што галоўная мэта гандлю – дайсці да кожнага населенага пункта, да кожнага чалавека:

– У нашых людзей на пастаяннай аснове павінны быць свежыя прадукты. Неабходна вырашыць таксама пытанне дааснашчэння патрэбным абсталяваннем гандлёвых аб'ектаў. 

Абмеркавалі таксама пытанні актуалізацыі маршрутаў руху аўталавак, забеспячэння мэтавага навучання прадаўцоў і эканамістаў.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ