Грамадства
Супрацоўнікі ДАІ ўпершыню прымянілі беспілотны лятальны апарат у Гомельскай вобласці
20.09.2024

У рамках рэйдавага мерапрыемства дрон лунаў над патэнцыйна небяспечным участкам аўтадарогі Р30 Гомель – Ветка – Чачэрск – Ямнае.
Увага інспектараў была накіравана на вадзіцеляў, якія грэбуюць правіламі абгону, або выязджаюць на сустрэчную паласу, калі гэта забаронена ПДР. З пачатку года на Гомельшчыне было выяўлена больш за 1300 такіх парушэнняў. Варта адзначыць, што ў такіх выпадках належыць штраф ад 2 да 10 базавых велічыняў (80–400 рублёў) з магчымым пазбаўленнем правоў кіроўцы на тэрмін да года.
– Часам вадзіцелі, праехаўшы экіпаж ДАІ, разумеюць, што нейкі час інспектараў наперадзе, хутчэй за ўсё, не будзе. З-за гэтага могуць пачаць манеўраваць, парушаць ПДР. Пры дапамозе змешанага кантролю з выкарыстаннем БПЛА назіранне за парадкам на дарозе можа весціся практычна ў любым месцы, пра што цяпер будуць ведаць аўтааматары, – адзначыў начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Лябедзька.
Цяпер ліхачам стане намнога складаней ухіліцца ад правасуддзя, бо пры дапамозе беспілотніка можна весці назіранне з вышыні каля 500 метраў і вызначыць нумар машыны на адлегласці ад двух да чатырох кіламетраў. Пры выяўленні парушэння пілот квадракоптара перадае інфармацыю экіпажу, у напрамку якога рухаецца аўтамабіль. Пасля гэтага ідзе спыненне транспартнага сродку і вынясенне пакарання.
З пачатку года на Гомельшчыне адбылося чатыры ДТЗ з-за парушэнняў правілаў абгону, у выніку якіх сем чалавек атрымалі пашкоджанні і адзін загінуў. Здарэнняў, звязаных з выездам на паласу сустрэчнага руху, было 10. У іх 16 чалавек пацярпелі, чацвёра загінулі. Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае грамадзянам: калі вы сталі сведкам парушэння ПДР і зафіксавалі яго, то трэба звярнуцца з інфармацыяй па нумары 102, або ў дзяжурную частку ДАІ.