Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла асабісты прыём грамадзян у Жлобіне

03.05.2024
У рамках адзінага дня прыёму грамадзян 2 мая парламентарыі прынялі грамадзян у райцэнтрах Гомельшчыны, выслухалі просьбы, заўвагі, скаргі і прапановы, каб пасадзейнічаць у іх вырашэнні. Да спікера Наталлі Качанавай звярнуліся не толькі жлабінчане, але і жыхары з усяго рэгіёна, а таксама з іншых абласцей рэспублікі. У разглядзе зваротаў прынялі ўдзел адказныя службовыя асобы.

Людзі агучылі Наталлі Качанавай розныя пытанні: ад рамонту дарог і жылфонду, афармлення спадчыны, падзелу маёмасці, падтаплення жылых пабудоў да дзейнасці праваахоўных органаў і медыцынскіх устаноў. Некаторыя скарысталіся выпадкам, каб звярнуць увагу Савета Рэспублікі на праблемы, звязаныя з новаўвядзеннямі ў заканадаўстве, іншыя – выказаць свае прапановы ў тэме захавання гістарычнай памяці.
 
Сяргей Міхайлавіч з вёскі Новыя Маркавічы Жлобінскага раёна ўзняў пытанне рамонту дарогі. Дарэчы, ён не ўпершыню звяртаецца ў Савет Рэспублікі і знаходзіць водгук на свае звароты. І на гэты раз яго просьбу пачулі: да 1 ліпеня паўтара кіламетра грунтавай дарогі прывядуць у парадак.
 
З дарожнай праблемай, але ўжо ў вёсцы Скепня, звярнулася на прыём жлабінчанка. «З-за глыбокіх ям не можа праехаць хуткая дапамога, нам адмаўляюцца везці газ, не вывозяць смецце. Мы не просім асфальту, але падсыпалі б дарогу, каб праехалі машыны», – распавяла Людміла Міхайлаўна. Кіраўнік мясцовай вертыкалі яе запэўніў, што да 9 мая дарожнікі падсыпяць паніжаныя месцы, а да 1 ліпеня адрамантуюць дарогу грунтоўна. «Старшыня Жлобінскага райвыканкама сказаў, што абяцанне выканае, а мы возьмем на кантроль. З прыёму ў прыём пытанняў па вёсцы больш за ўсё. Мы гаворым аб развіцці рэгіёнаў, але сёння важна, каб людзі жылі ў вёсцы і працавалі там. Яны – наш залаты фонд. Асаблівую ўвагу жыхарам вёскі, – падкрэсліла Наталля Качанава.

Дарэчы, дарожнае пытанне хвалюе не толькі вяскоўцаў, але і жыхароў прыватнага сектара Жлобіна. Так, Раіса Мітрафанаўна вось ужо 15 гадоў чакае, калі пракладуць асфальт па вуліцы Таварнай. «У нас грунтавая дарога. Падсыпаецца шлакавай фракцыяй са шчэбнем. У выніку з-за пылу нельга ні вокны адкрыць, ні бялізну павесіць», – абураецца жанчына. Наталля Качанава пагадзілася з заяўніцай і дала адпаведнае распараджэнне старшыні райвыканкама: «Раіса Мітрафанаўна мае рацыю ў тым, што і ў цэнтры, і ў прыватным сектары жывуць людзі. Калі ёсць праблема дарог, яе трэба вырашаць у любым выпадку. За вас ніхто гэта не зробіць. З уласнай практыкі магу параіць распрацаваць праграму «гарадской ускраіны» ці «прыватнага сектара». Мы так рабілі ў Полацку. Закладзіце ў яе сродкі бюджэту, ЖКГ і людзей. Паспрабуйце разам, і гэта дасць рэзультат. Адну вуліцу заплануйце на 2025 год, другую на наступны і гэтак далей».
 
На працягу дня, а прыём доўжыўся каля васьмі гадзін, было агучана нямала і іншых праблем. Кожная з іх узята на кантроль. Больш за тое, усе пытанні, узнятыя падчас адзіных дзён прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі ў Гомельскай вобласці, акумулююць і падрабязна абмяркуюць на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума з удзелам парламентарыяў, дэпутацкага корпуса і кіраўніцтва вобласці.

«Больш за ўсё людзей хвалююць пытанні, звязаныя з дарогамі, прычым сельскімі, – расказала Наталля Качанава журналістам. – Таму нездарма нашым Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам была пастаўлена задача асаблівую ўвагу надаць мясцовым дарогам. Усе звароты, з якімі да нас звяртаюцца людзі, мы бяром на кантроль. Ёсць сярод іх пытанні, якія датычацца дзеючых нарматыўна-прававых актаў. У прыватнасці, мы разгледзім і паспрабуем спрасціць працэдуру рэалізацыі лішкаў прадукцыі, якую вырошчваюць людзі на сваіх прысядзібных участках. Тым самым прыбярэм залішнюю цяганіну».
 
Гаворачы аб прыёме ў Жлобінскім райвыканкаме, Наталля Качанава адзначыла, што тэма патрыятызму таксама сярод актуальных тэм: «Сёння да нас звярнуліся гамяльчане з добрымі прапановамі і ідэямі, якія датычацца захавання гістарычнай памяці. Гэта сведчыць аб тым, што людзі сёння памятаюць і шануюць сваю гісторыю і хочуць, каб яна захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. І напярэдадні такіх вялікіх свят, як Дзень Перамогі і 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта вельмі важна. Людзей непакоіць тая праца, якая праводзіцца сёння ўсімі дзяржаўнымі органамі, Генеральнай пракуратурай па генацыдзе беларускага народа. І гэта гаворыць аб тым, што мы сваю гісторыю памятаем і ніколі не здрадзім».


К СПИСКУ НОВОСТЕЙ