Грамадства
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко сустрэўся з маладымі спецыялістамі рэгіёна
23.02.2024

У ГКЦ сабраліся маладыя ўрачы, педагогі, сельгасработнікі, лесаводы – усяго каля тысячы чалавек. Да дыялогу далучыўся памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Звяртаючыся да прысутных, Іван Крупко нагадаў вядомы з савецкіх часоў лозунг "Кадры вырашаюць усё":
– Тады ж казалі, што сапраўдная загартоўка кадраў атрымліваецца на жывой працы, на барацьбе з цяжкасцямі, на пераадоленні цяжкасцяў. Найлепшае захавалі ў рабоце з кадрамі, але ёсць, вядома, і істотныя змены ў падыходах. Як гэта атрымліваецца ў тых арганізацыях, дзе вы прыступілі да работы, спадзяюся пачуць ад вас.
У зале стаяў адкрыты мікрафон, кожны мог задаць пытанне і падзяліцца ўражаннямі.
Учорашнія студэнты падзяліліся з кіраўніком рэгіёна, як іх сустрэлі на першым працоўным месцы, якія ўмовы падалі.
У Гомелі стартавала сустрэча старшыні аблвыканкама Івана Крупко з маладымі спецыялістамі рэгіёна.
Урач-хірург Дзмітрый Кур'ян прыйшоў працаваць у Лоеўскую ЦРБ па размеркаванні з Гомельскага медуніверсітэта ў жніўні мінулага года. Ён лічыць сваю бальніцу самай лепшай:
– Вылучылі арэндную добраўпарадкаваную кватэру, настаўнікам стаў загадчык аддзялення. Да яго я заўсёды магу звярнуцца па дапамогу.
Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ў 2023 годзе замацоўванасць маладых кадраў у вобласці склала больш за 80%. Ёсць раёны, дзе яна ад 85% да 93%. Лідэры – Брагінскі раён, горад Гомель, Рагачоўскі, Жлобінскі, Мазырскі і Добрушскі раёны.
– Наша задача – зрабіць усё магчымае, каб вы засталіся працаваць там, куды прыехалі па размеркаванні, дзе атрымалі першы практычны вопыт, – на гэтым зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама.
Адкрыты мікрафон быў запатрабаваны. Як стаць губернатарам? Куды накіраваць энергію падрастаючага пакалення? Чаго яшчэ не хапае Гомельскай вобласці? Ці можна патрапіць у Школу маладога кіраўніка? Гэтыя і іншыя пытанні цікавяць моладзь рэгіёна.
– Без вас не будзе прагрэсу ні ў адным кірунку. Таму жывіце кожны дзень з поўнай аддачай – і вас абавязкова заўважаць, – даў параду Іван Крупко.
У зале актыўная гутарка і жывы дыялог. Да мікрафона выстраілася чарга.
– Ці задаволеныя вы працай аграрыяў? – яшчэ адно пытанне з залы.
Адказаў Юрый Горлаў:
– Якога б выніку мы ні дасягнулі, заўсёды будзе да чаго імкнуцца. У той жа час вялікі дзякуй аграрыям. У Гомельскай вобласці і ў цэлым па краіне назіраецца дадатная дынаміка вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, што дае магчымасць палепшыць эканоміку.