Сіла – у адзінстве продкаў і нашчадкаў: урачысты сход да Дня Незалежнасці ў Гомелі аб'яднаў жыхароў рэгіёна розных пакаленняў

З Днём Незалежнасці прысутных павіншаваў
старшыня аблвыканкама Іван Крупко:
– Гэтае свята непарыўна звязана з адной
з самых важных падзей у нашай гісторыі – вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх
захопнікаў. Яно заваявана жыццём кожнага трэцяга беларуса. І кожны дзень,
кожную гадзіну нашага шчаслівага мірнага жыцця мы напаўняем працоўнымі і
інтэлектуальнымі дасягненнямі, творчымі поспехамі, спартыўнымі рэкордамі, каб прысвяціць
многія з іх памяці герояў-вызваліцеляў, загінуўшых за свабоду і незалежнасць
нашай роднай Беларусі.
Губернатар падкрэсліў, што Дзень
Рэспублікі Гомельшчына сустракае стабільна працуючым і квітнеючым рэгіёнам, а
стабільная работа прадпрыемстваў і кожнага жыхара забяспечвае
канкурэнтаздольнасць вобласці на міжнароднай арэне.
Гомельская вобласць планамерна
развіваецца, рэалізуюцца ініцыятывы па фарміраванні здаровага ладу жыцця і
патрыятычным выхаванні. На гэтым зрабіў акцэнт Іван Крупко:
– Моцная краіна – базавая ўмова яе
далейшага развіцця. А развіццё немагчыма без захавання гістарычнай праўды.
Скажэнне вынікаў вайны, знішчэнне помнікаў савецкім воінам-вызваліцелям –
прамая пагроза будучыні. Таму вялікая перамога мае патрэбу ў нашай абароне.
Беларусь – адна з нямногіх краін, якія
прайшлі цяжкі, цярністы шлях станаўлення і росквіту. Краіна, якая здолела стаць
навукаёмістай, высокатэхналагічнай дзяржавай, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна:
– Тое, што сёння мы маем у эканоміцы, у
сацыяльнай сферы, – вынік таго, што ўсе гэтыя гады мы ішлі сваім шляхам і жылі
сваім розумам. І наша мэта – забяспечыць далейшы эканамічны рост узроўню
дабрабыту нашых людзей. Мы, як і ўсе разумныя людзі, хочам міру і стабільнасці
на планеце. Астатняе створым самі.
Святочны канцэрт «Гэта мая краіна!» падарылі
гасцям творчыя калектывы Гомельшчыны. Спляценне традыцый і сучаснасці, музыкі,
танца і гімнастычнага мастацтва – артысты чарговы раз даказалі, што Беларусі
ёсць чым ганарыцца.