Грамадства
Рэстаўрацыю ратушы ў Чачэрску пачнуць у наступным годзе
17.10.2023

Ход рамонтных работ губернатар Іван Крупко абмеркаваў з кіраўніцтвам Чачэрскага райвыканкама.
Пабудавалі ратушу ў другой палове XVIII стагоддзя па загадзе графа Захара Чарнышова. Спецыялісты прызнаюць гэты архітэктурны помнік адным з самых незвычайных. Такіх у Беларусі толькі пяць: у Слоніме, Нясвіжы, Віцебску, Шклове і Чачэрску.
Ёсць у ратушы свая асаблівасць: пры яе будаўніцтве выкарыстоўваліся розныя архітэктурныя стылі. Запазычаныя з гатычнага стылю нішы і спічастыя аркі вельмі добра глядзяцца разам з элементамі класічнага дойлідства. Ёсць драўляныя вежы – гэта адна з унікальных рыс палескага дойлідства.
У 1974 годзе будынак пацярпеў падчас моцнага пажару. Больш за 30 гадоў ратуша знаходзілася ў працэсе рэстаўрацыі. Цяпер у ёй размяшчаецца гісторыка-этнаграфічны музей.
Аднак зараз экскурсіі праводзяць толькі па першых двух паверхах, паколькі драўляныя канструкцыі патрабуюць рамонтных работ, наведваць установу небяспечна. Праектна-каштарысная дакументацыя гатова, будаўнікі могуць пачаць у наступным годзе.
– Галоўнае – падзяліць рэканструкцыю на этапы і вызначыцца, з чаго пачынаць, – падкрэсліў Іван Крупко падчас наведвання музея.