Грамадства
Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 25 кастрычніка
17.10.2025

Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 25 кастрычніка. Адпаведная пастанова прынята Саветам Міністраў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Згодна з дакументам, рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці 25 кастрычніка 2025 года рэспубліканскі суботнік. Суботнік можа быць праведзены на рабочых месцах. Таксама арганізацыі могуць ажыццявіць азеляненне, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан аб'ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, знакавых аб'ектаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны.
З грашовых сродкаў, заробленых ад правядзення асенняга суботніка, 50 працэнтаў пойдуць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і стварэнне яго пастаяннай экспазіцыі.
Яшчэ 50 працэнтаў застануцца ў распараджэнні аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама з магчымасцю іх накіравання на канкрэтныя аб'екты. Паводле інфармацыі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала, Брэсцкім аблвыканкамам яны будуць накіраваны на будаўніцтва трэцяй чаргі адукацыйна-аздараўленчай установы "Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі", Віцебскім - на ўзвядзенне памятнага знака "Працоўнай славы" на скрыжаванні вуліц Канстанціна Заслонава і Сяргея Грыцаўца ў Оршы, Гомельскім - на рэканструкцыю комплексу воінскай славы ў гонар аперацыі "Баграціён" у Светлагорскім раёне, Гродзенскім - на добраўпарадкаванне тэрыторыі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і аграгарадка Жыровічы Слонімскага раёна як духоўнага цэнтра Беларусі для праваслаўных вернікаў.
Мінскі аблвыканкам у сваю чаргу накіруе сродкі на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па аб'екце "Кансервацыя з прыстасаваннем для экспанавання, паказу руін "Вялікая ўязная брама", што ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гарадзішча "Вал" у Заслаўі, а таксама на будаўніцтва хірургічнага корпуса нумар 2 установы аховы здароўя "Мінская ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга абласная клінічная бальніца" ў аграгарадку Лясны Мінскага раёна. Магілёўскі аблвыканкам - на рамонт і добраўпарадкаванне месцаў баявой і воінскай славы Шклова (мемарыяльны комплекс "Памяць", Алея Герояў, стэла на левабярэжжы ракі Днепр). Мінскі гарвыканкам - на рэканструкцыю будынкаў пад інфармацыйны цэнтр экскурсійнага абслугоўвання мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" з пастаяннай тэматычнай экспазіцыяй па вул. Сяліцкага, 82, 82Б (праект Саюзнай дзяржавы).
Для падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага суботніка створана часовая рабочая група, якую ўзначальвае намеснік прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч. У яе склад увайшлі кіраўнікі шэрага міністэрстваў, Нацыянальнага статыстычнага камітэта, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.