Грамадства
Рабатызаваны апарат для продажу лекаў стварылі ў Гомелі
19.12.2024

Рабатызаваную аптэку распрацавалі на прадпрыемстве "ИдейРоботиксТрэйд", якое з'яўляецца рэзідэнтам СЭЗ "Гомель-Ратон" і знаходзіцца на тэрыторыі тэхнапарку "Карал".
Першы эксперыментальны ўзор тэсціравалі на працягу года, каб дапрацаваць усе дэталі. Плануецца, што ў пачатку 2025-га яго ўсталююць на чыгуначным вакзале ў Мінску, дзе ён пройдзе апрабацыю з улікам вялікай плыні людзей. У перспектыве такія апараты установяць у аддаленых населеных пунктах. Вялікую зацікаўленасць у закупцы абсталявання выказваюць рэгіёны Расіі.
З работай доследнага ўзору азнаёміўся старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Губернатар паспрабаваў набыць праз кіёск вітаміны: для гэтага трэба выбраць неабходны прэпарат, дадаць яго ў кошык, прыкласці пашпарт, пацвердзіць асобу, зрабіўшы фота, і аплаціць тавар. Чэк можна атрымаць пры сканаванні QR-кода або на электронную пошту. Эксперымент прайшоў паспяхова.
Аптэка-робат на 93% – беларуская распрацоўка. Пра гэта расказаў тэхнічны дырэктар «ИдейРоботиксТрэйд» Дзмітрый Юдзін:
– Усё распрацавана кампаніямі-рэзідэнтамі тэхнапарку – ад 3D-мадэлі і чарцяжоў да праграмнага забеспячэння і вырабу. Дэталі створаны на беларускіх прадпрыемствах. Робат-маніпулятар увезены з Кітая, сканер пашпартоў закупілі ў кампаніі з Санкт-Пецярбурга.
Праекту звыш трох гадоў, над ім працуе шмат людзей. Вялікі плюс рабатызаванага кіёска – ён працуе 24/7, лекі пастаўлены на ўлік у аптэчнай сетцы, у яго прамая сувязь з бухгалтэрыяй прадпрыемства, запраграмаваны поўны абмен дадзенымі. Ёсць магчымасць запраграмаваць і продаж лекаў па рэцэптах.
Сканіраванне пашпарта трэба для таго, каб пераканацца: пакупніку споўнілася 14 гадоў, ёсць жывое супастаўленне з тым, хто стаіць ля апарата. Цяпер ён можа рэалізоўваць каля 280 найменняў лекаў.
Другі апарат плануюць апрабаваць у Гомелі, яго будуць тэсціраваць для выдачы лекаў па льготных рэцэптах.
– Калі такі робат з'явіцца ў нашай вобласці, ён будзе ўстаноўлены ў лячэбнай установе або аптэчнай арганізацыі, дзе запатрабавана рэалізацыя прэпаратаў на льготных умовах або бясплатна, – расказала журналістам член Савета Рэспублікі, гендырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага РУП "Фармацыя" Людміла Сапега.